Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
07 студзеня 2023, 14:14

Лукашэнка запаліў калядную свечку ў храме Свята-Лісавецінскага манастыра

7 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запаліў калядную свечку ў мінскім храме ў імя свяціцеля Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўніка дзяржавы сустрэў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Прэзідэнт ад усёй душы павіншаваў з добрым і светлым святам Раства праваслаўных вернікаў, што сабраліся ў храме, і людзей іншых канфесій. "Гэта сапраўды светлае свята. І праваслаўе - толькі нагода для ўсіх грамадзян Беларусі праваслаўнага, каталіцкага (веравызнання. - Заўвага БЕЛТА), мусульман - для ўсяго свету адзначыць гэта светлае свята. Але для нас, праваслаўных людзей, гэты дзень і свята асаблівае. Таму ад усяго сэрца хачу павіншаваць вас з гэтым святам і пажадаць галоўнага - здароўя, - сказаў ён. - Я жадаю вам Божага благаславення і моцнага-моцнага здароўя". Асаблівыя пажаданні Прэзідэнт адрасаваў бацькам - каб дзеці прыносілі радасць, былі гонарам для сям'і і краіны. "Як я ўжо гаварыў, калі дзіця ўсміхаецца, значыць, наша грамадства здаровае", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў свяшчэннаслужыцелям Беларусі, якія робяць вялікую духоўную і выхаваўчую работу, асабліва важную пасля 2020 года, калі нашы людзі многае ўсвядомілі, і ў цяперашні "няпросты час, калі па перыметры нашай Беларусі, мірнай і спакойнай, так неспакойна". "Нашы свяшчэннаслужыцелі, праводзячы вялікую работу, выхоўваюць сапраўдных патрыётаў сваёй Айчыны", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Словы ўдзячнасці ён адрасаваў таксама насельніцам Свята-Лісавецінскага манастыра і яго ігуменні, усім тым, хто жыве пры храме і робіць добрыя справы. "Вялікі вам за гэта дзякуй. Вы ўзяліся вельмі маштабна, як ніякі іншы манастыр, каб укласці свой уклад у працвітанне нашага грамадства. Вы пачынаеце пашыраць духоўна-маральную адукацыю і сярод маленькіх дзетак, тых, хто больш старэйшы. Робіце і вялікія дабрачынныя акцыі. Дзякуй вам вялікі! Ён гэта бачыць (Гасподзь. - Заўвага БЕЛТА). Гэта дабром вернецца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Мітрапаліт Веніямін у сваю чаргу заклікаў усіх у гэтыя святыя святочныя дні да таго, каб, па прыкладу Збавіцеля, праяўляць любоў і спагаду, аб'ядноўваць. "У гэтым напрамку з боку Царквы мы пастараемся зрабіць усё магчымае. Само наша служэнне да гэтага абавязвае, - сказаў ён. - Будзем старацца трымацца Божага благаславення, прыкладу Збавіцеля свету, прыкладаць намаганні, падтрымліваць адзін аднаго і рабіць добрыя справы на карысць нашай дарагой Айчыны. І няхай іншыя краіны і народы таксама далучаюцца, аб'ядноўваюцца ў гэтым служэнні Богу, людзям і сваім народам".

Аляксандру Лукашэнку ў храме падарылі карціну мастака Глеба Отчыка "Развiтанне з праваслаўным падзвiжнiкам зямлi Беларускай", прысвечанай Мітрапаліту Філарэту, першаму Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі, Герою Беларусі, які спачыў 12 студзеня 2021 года. На карціне адлюстраваны Свята-Духаў кафедральны сабор (месца служэння Мітрапаліта Філарэта), над якім у небе лунаюць галубы і праглядаецца выява свяшчэннаслужыцеля.

Кіраўнік дзяржавы ў сваю чаргу перадаў у дар манастыру абраз "Святая Троіца". Абраз напісаны акрылавымі фарбамі, фон і асіст - пакрыццё сусальным золатам. Аправа выканана з тканіны парча, дэкарыраванай металізаваным шнуром, жэмчугам, пазалочанымі дробніцамі, стразамі, а таксама натуральнымі камянямі ў кастах: аметыстам, сердалікам, бурштынам, ружовым кварцам і яшмай.

Абраз з'яўляецца спісам з арыгінала. Сам арыгінал абраза быў напісаны прападобным Андрэем Рублёвым у XV стагоддзі і з'яўляецца адным з самых вядомых яго твораў. У аснову абраза пакладзены біблейскі сюжэт "Гасціннасць Аўраама". Абраз яшчэ называюць "багаслоўем у фарбах", паколькі ў ім сімвалічнымі прыёмамі паказана хрысціянскае вучэнне аб Святой Троіцы. З 1929 года арыгінал абраза знаходзіцца ў Траццякоўскай галерэі.

Храм у імя свяціцеля Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага ўваходзіць у склад манастырскага комплексу Свята-Лісавецінскага жаночага манастыра. Ён пабудаваны ў стылі старажытнарускага драўлянага дойлідства XVII стагоддзя па тэхналогіі канадскай рубкі (злучэнне бервяна або бруса ў вуглах зруба).

Царква была складзена брыгадай майстроў з Беларусі. Зруб зроблены на тэрыторыі арцелі, а затым перавезены ў манастыр і сабраны на загадзя падрыхтаваным жалезабетонным фундаменце. Для будаўніцтва выкарыстаны "зімовы лес" - сасна высокай якасці, адабраная ў беларускіх пушчах. Дэкаратыўныя элементы знешняга ўбрання і ўнутранае аздабленне выкананы ўмельцамі з манастырскіх майстэрань. У цокалі храма размешчаны памяшканні для заняткаў з людзьмі, якія знаходзяцца на стацыянарным лячэнні і праходзяць рэабілітацыю.

Манастыр у гонар святой прападобнапакутніцы вялікай княгіні Лісаветы заснаваны ў 1999 годзе. Цяпер тут больш за 100 насельніц. На тэрыторыі манастыра размешчана пяць храмаў. Пад апекай манастыра знаходзяцца дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, псіханеўралагічныя дамы-інтэрнаты для састарэлых і інвалідаў нумар 1 і нумар 3, псіханеўралагічны дом-інтэрнат нумар 4, Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя і шэраг іншых лячэбных і сацыяльна-педагагічных устаноў. Манастырскі комплекс таксама ўключае два манаскія корпусы, будынак сацыяльна-рэабілітацыйных майстэрань, рамесныя майстэрні царкоўнай творчасці, будынак нядзельнай школы, жылы корпус паломнікаў і духоўна-асветны цэнтр.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі