
11 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь зусім іншая, чым яе часта спрабуюць паказаць, выкарыстоўваючы толькі чорныя фарбы і паток негатыву. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, прымаючы даверчыя граматы паслоў замежных краін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што кадэнцыя новага пасла ў краіне знаходжання - гэта своеасаблівы этап у двухбаковых узаемаадносінах. Праактыўная і мудрая работа кіраўніка дыпламатычнага прадстаўніцтва здольна істотна ўмацаваць кантакты паміж цэнтрамі, узняць іх на новы ўзровень на карысць краін і народаў.
"Спадзяюся, перыяд службы ў Беларусі будзе напоўнены для вас цікавымі падзеямі, новымі знаёмствамі, вялікай колькасцю карысных мерапрыемстваў, якія дадуць магчымасць нам сумесна рэалізаваць шмат узаемавыгадных праектаў. І мы для гэтага ў Беларусі адкрыты", - сказаў беларускі лідар.

"Вы будзеце мець магчымасць на свае вочы не раз пераканацца, што Беларусь зусім іншая, чым яе часта спрабуюць паказаць, выкарыстоўваючы толькі чорныя фарбы і паток негатыву. Насуперак заходнім стэрэатыпам мы паспяхова развіваемся. Нягледзячы на націск, што аказваецца звонку, усебакова павышаем свой патэнцыял, прапануем нашым сябрам і партнёрам усё самае лепшае, напрацаванае дзясяткамі гадоў, у навуцы, адукацыі, ахове здароўя, сельскай гаспадарцы і іншых галінах", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі гэты год пачаўся з важнай палітычнай кампаніі - выбараў кіраўніка дзяржавы, на якіх выбаршчыкі пераканаўча выказаліся за прадаўжэнне курсу на пабудову моцнай незалежнай сацыяльна арыентаванай дзяржавы.
"Мы называем яе дзяржавай для народа, якая жадае жыць у міры, згодзе з усімі краінамі незалежна ад іх велічыні, пазіцыі ў сусветных рэйтынгах або месца на карце. Гэта і ёсць сутнасць нашай знешняй палітыкі, нашых падыходаў да выбудоўвання адносін з суседзямі і геаграфічна аддаленымі ад нас краінамі", - заявіў Прэзідэнт.
"Паверце, там, дзе нам не прад'яўляюць ультыматумы, дзе не дыктуюць умовы, дзе мы бачым супадзенне поглядаў і ўяўленняў, не перашкодзіць ні адлегласць, ні розныя веравызнанні або культурныя традыцыі, каб дамовіцца, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Мова павагі і адкрытасці ўніверсальная. Для яе не патрэбны перакладчык. Яе разумеюць на ўсіх кантынентах. Патрэбны толькі добрая воля і, як кажуць у нас у народзе, не трымаць камень за пазухай".
"Палітыка міралюбнасці, добрасуседства, сумленнасці прадвызначана нашай гісторыяй. За ўсе папярэднія стагоддзі свой ліміт войнаў і турбулентнасці беларусы вычарпалі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён звярнуў увагу, што ў гэтым годзе адзначаецца 80-я гадавіна Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, якая забрала жыццё кожнага трэцяга грамадзяніна і прывяла да фатальных разбурэнняў большай часткі тэрыторыі і эканомікі Беларусі. У 1945 годзе дзякуючы савецкаму народу быў разгромлены фашызм, усе народы Еўропы змаглі ўздыхнуць свабодна і пачаць вяртанне да мірнага жыцця. У знак міжнароднага прызнання ўкладу беларускага народа ў самаадданую барацьбу з нацызмам Беларусь увайшла ў лік краін - заснавальніц ААН.
Прэзідэнт заявіў, што свяшчэнная памяць аб героях-вызваліцелях, клопат аб ветэранах, догляд помнікаў і месцаў пахаванняў, недапушчальнасць перапісвання гісторыі - сутнасць дзяржаўнай палітыкі і ідэалогіі сучаснай беларускай дзяржавы.
"Гэта не праяўленне нашай ваяўнічай палітыкі, як бы гэта камусьці ні хацелася так падаць. Нам проста вельмі высокай цаной дасталася перамога, і мы вельмі добра ведаем увесь цяжар страт, якія прынесла нам вайна", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама расказаў, што ў Беларусі праводзяцца маштабныя даследаванні па выяўленні злачынстваў нацыстаў і іх саўдзельнікаў. І тыя факты, якія раскрываюцца, вымушаюць па-новаму ўсвядоміць сапраўдную глыбіню і маштабы Вялікай Айчыннай вайны.
"Таму на ўсіх узроўнях мы штодзённа вядзём работу, каб выключыць любыя рознагалоссі ў грамадстве, падтрымліваем міжнацыянальны і міжканфесійны мір і згоду, нікому не пагражаем, але пры гэтым умацоўваем эканамічныя асновы і абараназдольнасць нашай дзяржавы", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь выступае за мірнае вырашэнне любых канфліктаў дыпламатычным шляхам і прыкладае значныя намаганні для больш хуткага ўрэгулявання ўзброенага процістаяння ў суседняй Украіне і іншых гарачых кропках. Сведчаннем таго з'яўляюцца беларускія ініцыятывы па пабудове роўнай і непадзельнай архітэктуры бяспекі, у тым ліку на еўразійскай прасторы, правядзенні ўсёабдымнага дыялогу ў духу канферэнцыі ў Сан-Францыска ў 1945 годзе, вынікам якой стала распрацоўка і ўзгадненне Статута ААН.-0-