Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
10 чэрвеня 2022, 17:56

Лукашэнка: закон аб грамадзянскай супольнасці трэба выбудаваць так, як гэта трэба ў Беларусі

10 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Закон аб грамадзянскай супольнасці трэба выбудаваць так, як гэта трэба ў Беларусі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў на рэспубліканскім семінары-нарадзе "Актуалізацыя метадаў і форм работы з насельніцтвам на мясцовым узроўні", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Калі нехта думае, што выхад адзін - гэта партыйнае будаўніцтва і партыі, памыляецца. Тут іншыя небяспекі ёсць. Таму будзем ісці спакойна, будзем разам збірацца, раіцца, як гэта рабіць, які закон аб грамадзянскай супольнасці будзе, аб партыйным будаўніцтве які, - сказаў Прэзідэнт. - Пакуль у нас ёсць магчымасці (ад нас адносна адсталі гэтыя вар'яты), нам трэба закон аб грамадзянскай супольнасці выбудаваць так, як гэта нам трэба. Як я гаварыў, стаўпы нашы: моладзь - БРСМ, прафсаюзы, партыі нашы. Вось ён будзе - закон аб грамадзянскай супольнасці. Суб'екты гэтай грамадзянскай супольнасці - вось яны, па спісе будуць. А не так, як нам падкідвалі, і як гэта выбудоўвалі ў постсавецкіх рэспубліках, а цяпер не ведаюць, як з гэтага выскачыць".

"У нас цяжкі час, але шанц выскачыць прыгожа з гэтага і стварыць сваю заканадаўчую базу. Але не зацягваць. Прыняць асноўныя законы ў развіццё Канстытуцыі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Як паведамлялася БЕЛТА, на семінары-нарадзе Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся аб тым, якой павінна быць грамадзянская супольнасць у Беларусі. Гаворачы аб прававым статусе грамадзянскай супольнасці, які будзе прапісаны ў адпаведным законе, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што яна павінна быць арыентавана на дыялог з уладай і адназначную прыхільнасць да спрадвечных каштоўнасцей і традыцый беларускага народа, інтарэсаў дзяржавы.

"Не можа быць і размовы аб фінансаванні такіх структур з замежных крыніц. Мы ведаем: хто плаціць, той і музыку заказвае", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу на ўсіх узроўнях дзяржаўнага кіравання выбудоўваць эфектыўнае ўзаемадзеянне з грамадзянскімі актывістамі: "Дэпутаты навучыліся працаваць са зваротамі канкрэтнага чалавека, цяпер трэба асвоіць работу з грамадскімі ініцыятывамі, трэба ўмець бачыць перспектыўныя праекты, дапамагаць знаходзіць сродкі для іх рэалізацыі, а недзе і ўзначаліць сам працэс".

Такім чынам, паводле слоў Прэзідэнта, грамадзянская супольнасць зможа выйсці на новы ўзровень прадстаўніцтва ў дзейнасці Усебеларускага народнага сходу. "Дарэчы, гэта таксама адна з форм работы з насельніцтвам. Я сказаў бы, самая вышэйшая форма, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Мы надалі гэтай палітычнай традыцыі канстытуцыйны статус. Для ўдзелу ў гэтым самым народным форуме выбіраюцца людзі, якія бліжэй за ўсё знаходзяцца да рэальных жыццёвых праблем развіцця нашага грамадства і краіны. Найбольш аўтарытэтныя суб'екты, якія будуць адпавядаць патрабаванням закона "Аб грамадзянскай супольнасці", павінны будуць стаць арганічнай часткай Усебеларускага народнага сходу. Гэта важная задача на бліжэйшую перспектыву".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі