Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
20 ліпеня 2021, 15:39

Лукашэнка заклікаў дыпламатаў быць больш актыўнымі і ініцыятыўнымі ў абароне інтарэсаў краіны

20 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікаў дыпламатаў быць больш актыўнымі і ініцыятыўнымі ў абароне інтарэсаў краіны. Аб гэтым ён заявіў сёння на нарадзе па прыярытэтах знешняй палітыкі на сучасным этапе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што ў МЗС працуе шмат разумных і талковых людзей і аддача павінна быць адпаведная.

Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад: напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у мінулым годзе МЗС засыпаў яго прапановамі па кантактах з ЗША, а таксама Літвой, Латвіяй і шэрагам іншых еўрапейскіх краін. "І нічога з таго, што вы мне падсоўвалі, не спрацавала. Дык што гэта было, дэзынфармацыя? Дзе цяпер вашы напрацоўкі, кантакты, мерапрыемствы па пашырэнні і ўмацаванні іміджу, работа з аналітычнымі інстытутамі? Можа, вас проста выкарыстоўвалі, як у нас у спецслужбах кажуць, усляпую, а вы гэтага нават не зразумелі?" - паставіў пытанні кіраўнік дзяржавы.

"Але, у рэшце рэшт, калі ў Рызе нехта, нягоднік нейкі, дакрануўся да беларускага сцяга і пачаў яго там ірваць, здымаць, ну дык пасол павінен выйсці і публічна з пагрозай, магчыма, для свайго ўласнага жыцця, набіць таму нягодніку морду, па-мужчынску кажучы. А ў нас цішыня. І ў МЗС цішыня, каб вы ведалі (для журналістаў гавару), пакуль Прэзідэнт не тупнуў нагой", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

"Гэтак жа і па Літве, і па іншых краінах. Дык хіба Прэзідэнт павінен вам указанні даваць, а не вы ўносіць яму патрэбныя прапанову на злобу дня і адпаведныя таму, што ў адносінах да Беларусі робяць нашы суседзі і іншыя?" - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем канстатаваў, што ў асаблівы для краіны час Міністэрства замежных спраў праявіла сябе не ў поўнай меры. Дыппрадстаўніцтвы, па сутнасці, павінны быць аналітычнымі цэнтрамі. "Літаральна адзінкавыя даклады заслугоўваюць увагі кіраўніка дзяржавы і ўрада. Я даручаў Савету Міністраў і МЗС павысіць якасць аналітычных матэрыялаў. Вынікаў на гэтым напрамку пакуль не відаць", - заявіў ён.

"Вы знаходзіцеся ў непасрэдным кантакце з процілеглым бокам, і ваша задача - пастаянна трымаць руку на пульсе грамадскага жыцця краіны знаходжання, збіраць інфармацыю, аналізаваць, асэнсоўваць тое, што адбываецца, і загадзя пачынаць біць у набат, калі ўзнікнуць пагрозы. Але гэтага мала. Трэба ўплываць, наколькі гэта магчыма і немагчыма ў цяперашніх умовах, на настроі хаця б эліт, хаця б кіраўніцтва краін знаходжання", - сказаў Прэзідэнт.

У справаздачах, між тым, заўважыў беларускі лідар, паслы, як адзін, інфармуюць аб мностве карысных сувязей і знаёмстваў у палітычных колах краін знаходжання. "Інфармацыя, якая паступіла да нашай сустрэчы аб персанальным укладзе кіраўнікоў загранустаноў, па сваім змесце пакуль падобная не на справаздачу аб праведзенай рабоце, а на прадстаўленне да дзяржаўных узнагарод", - папракнуў кіраўнік дзяржавы.

"Дзе іх кантакты? Можа, іх наогул няма або яны проста не здольныя іх выкарыстоўваць?" - паставіў пытанні кіраўнік дзяржавы.

Больш таго, у шэрагу загранустаноў назіраецца апатыя і абыякавасць персаналу, а часам сустракаюцца і прыклады маральнага разлажэння. У гэтым жа ключы Аляксандр Лукашэнка выказаў крытыку і ў адрас цэнтральнага апарату міністэрства.

З іншага боку, прагучаў і прыклад актыўнай пазіцыі з боку дыпламатаў. Размова пра пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры Аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе Юрыя Амбразевіча. "Накіраваў мне пісьмо. Шчыра, сумленна напісаў так, як ён думае. І я распарадзіўся тыя думкі, якія былі закладзены ў гэтым пісьме, разгледзець на пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі. Некаторыыя яго ідэі супалі з меркаваннем членаў Канстытуцыйнай камісіі", - расказаў кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі