Сцяг Субота, 25 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
23 студзеня 2024, 12:37

Лукашэнка заклікаў да пільнасці на фоне мілітарыстычнай абстаноўкі ў суседніх краінах

23 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікаў да пільнасці на фоне мілітарыстычнай абстаноўкі ў суседніх краінах. Адпаведную заяву ён зрабіў пры зацвярджэнні рашэнняў на ахову дзяржаўнай граніцы ў 2024 годзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта мерапрыемства традыцыйнае, паўтараецца з году ў год, але вельмі важнае з прычыны той абстаноўкі, якая разгортваецца вакол Беларусі. "Сённяшняе рашэнне на ахову дзяржаўнай граніцы мае сваю асаблівасць у тым, што ў нас асаблівая сітуацыя: на поўдні - вайна, на захадзе - Польшча, Літва, балтыйскія дзяржавы - і таго горш. Падкрэсліваю: і таго горш. Там рыхтуюцца адпаведныя атрады, палкаводцы вызначаны", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі ведаюць і "байцоў гэтых атрадаў", якія гатовы ўжо ваяваць супраць уласнай краіны.

"Таму, як я заўсёды ваенным гавару і асабліва міністру абароны, мы не павінны нічога празяваць, па-народнаму кажучы. Ні ў якім выпадку нельга дапусціць нейкага выпадковага развіцця падзей на нашай граніцы. Таму - пільнасць і яшчэ раз пільнасць", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

На мерапрыемстве прысутнічалі дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, міністр абароны Віктар Хрэнін, старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Канстанцін Моластаў і начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл - першы намеснік міністра абароны Віктар Гулевіч.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пакуль адказныя асобы "нядрэнна выконваюць свае функцыі".

Кіраўнік дзяржавы заслухаў кіраўніка ДПК і начальніка Генштаба. Асобна Прэзідэнт пацікавіўся абстаноўкай на наземнай граніцы (пагранічнікі яе называюць зялёнай граніцай, хоць цяпер яе можна назваць белай, паколькі ўсё пакрыта снегам) і ў паветранай прасторы. "Гэта таксама граніца. У савецкі час наша адказнасць была - лінія граніцы паветраная прастора ў тым ліку", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы ўзмацнілі дзяржаўную граніцу арміяй. Якая функцыя, роля арміі? Як мы яе там выконваем, аказваем падтрымку і садзейнічанне пагранічным войскам?" - задаў яшчэ шэраг пытанняў прысутным кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнту далажылі аб актуальнай абстаноўцы на дзяржаўнай граніцы, сілах і сродках, якія задзейнічаны ў забеспячэнні пагранічнай бяспекі з беларускага боку, а таксама кантынгенце ў сумежных краінах.

Так, у Латвіі, паводле слоў старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта генерал-маёра Канстанціна Моластава, да аховы дзяржграніцы нараўне са штатнымі падраздзяленнямі прыцягнуты таксама ваеннаслужачыя Узброеных сіл і супрацоўнікі паліцыі гэтай краіны. На латвійскім участку дзяржграніцы ў мінулым годзе значна ўчасціліся спробы выдварэння мігрантаў на тэрыторыю Беларусі.

Што датычыцца Літвы, то там прыгранічная тэрыторыя актыўна выкарыстоўваецца таксама для дыслакацыі падраздзяленняў узброеных сіл ЗША і Германіі. З іх удзелам рэгулярна праводзяцца вучэнні аператыўна-тактычнага ўзроўню. Усяго ў 2023 годзе было праведзена да 12 вучэнняў.

"Ваенным трэба мець (гэта. - Заўвага БЕЛТА) на ўвазе і трымаць іх, адкрыта скажам, у прыцэле", - падкрэсліў у сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу польскі бок, базіруючыся на створанай загародзе ў выглядзе агароджы вышынёй 5 м з сістэмай відэаназірання і супрацьпадкопаў, праводзіць штодзённую паветраную разведку і патруляванне ўздоўж дзяржаўнай граніцы, далажыў старшыня Дзяржпагранкамітэта.

"Мяне інфармуюць мае крыніцы, у тым ліку і пагранічнікі, ваенныя аб тым, што гэта агароджа супраць мігрантаў практычна не працуе. Мігранты яе пераадольваюць без праблем", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Зусім правільна. Самі палякі ацэньваюць эфектыўнасць сваёй агароджы толькі ў 60 працэнтаў. Не больш таго", - пацвердзіў Канстанцін Моластаў.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі