ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Нядзеля, 31 мая 2020
Мінск Суцэльная воблачнасць +11°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
31 сакавіка 2020, 14:18

Лукашэнка заклікае на фоне распаўсюджвання вірусаў паберагчы пажылых людзей

Аляксандр Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка

31 сакавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заяўляе аб здольнасці сістэмы аховы здароўя ў краіне паспяхова спраўляцца з існуючымі выклікамі, у тым ліку на фоне распаўсюджвання ў свеце каранавіруснай інфекцыі. Упэўненасць у гэтым ён выказаў на сустрэчы са старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталляй Качанавай, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ні ў якім разе нельга скідаць з рахунку тэму вірусных хвароб. "Тым больш мы цяпер (гэта мае адчуванні, зыходзячы з лічбавага аналізу захваральнасці) знаходзімся на піку. Я ўжо малю бога, каб да Вялікадня гэты пік пайшоў уніз", - сказаў ён.

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што на фоне барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруса нельга забываць, што ёсць шмат іншых катэгорый пацыентаў, якія не менш маюць патрэбу ў медыцынскай дапамозе. "У нас у сотні разоў больш смярцей ад іншых хвароб, чым ад вірусаў. Проста мы сканцэнтраваліся ўсе на гэтым. У нас ёсць хворыя і з анкалагічнымі, сардэчна-сасудзістымі захворваннямі, астматыкі, у нас ёсць проста людзі, якія хварэюць на пнеўманію, без усялякіх ускладненняў. І там смярцей у сотні разоў больш, чым ад гэтага каранавіруса", - адзначыў беларускі лідар.

Каб ацаніць сітуацыю, Аляксандр Лукашэнка ў тым ліку мае намер у бліжэйшы час прааналізаваць статыстыку смяротнасці ў Беларусі за першы квартал у параўнанні з аналагічнымі перыядамі мінулых гадоў.

Прэзідэнт расказаў, што прасіў Наталлю Качанаву за мінулыя выхадныя асабіста разабрацца з сітуацыяй у Віцебску. "Вы ў мяне чалавек мужны. Салдат такі, што і ў выхадныя адпрацавалі ў праблемным рэгіёне - роднай сваёй вобласці. Ваш пункт гледжання, што там адбываецца? Я не гавару, што там катастрофа нейкая. Проста Віцебская вобласць і па клімаце іншая, і крыху зрушыўся гэты пік захваральнасці. Так, былі і нейкія памылкі. Хацелася б гэта пачуць. Сёння там працуе міністр аховы здароўя, я накіроўваў яго туды і спецыялістаў, каб яны звярнулі ўвагу, прааналізавалі і зрабілі вывады", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі са смерцю акцёра ў Віцебску, у якога раней дыягнаставалі каранавірус, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў пажылога мужчыны былі і іншыя спадарожныя захворванні. "Жонка здаровая (яна ж з мужам жыла), дачка здаровая. Таму што імунітэт моцны. А ён, бедны, не вытрымаў. Паступіў з цяжкай пнеўманіяй, на ШВЛ ляжаў, ратавалі яго", - дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў цяперашняй сітуацыі трэба старацца берагчы людзей пажылога ўзросту. "Не таму, што яны старыя, а таму, што ў іх імунітэт аслаблены. І другое - у іх букет хвароб". "Калі людзі гэтага не зразумеюць, мы нічога ў гэтым плане не зробім", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым Прэзідэнт не з'яўляецца прыхільнікам масавай ізаляцыі. "Запіраць у гэтых тухлых кватэрах - гэта не метад. Мы забіваем людзей у гэтых кватэрах, - упэўнены ён. - Адкрываецца шмат праблем, над якімі трэба працаваць, а не закрываць граніцу і заганяць людзей у дамы. Нас заўсёды вучылі, вы ж помніце: калі ВРВІ, грып і іншае, трэба на вуліцу выходзіць, дыхаць свежым паветрам, праветрываць памяшканне".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што, ізалюючы людзей у сваіх дамах і кватэрах, ніхто не ведае, здаровыя яны ці ўжо нечым заразіліся, і не толькі каранавірусам. "Вірус ходзіць. Ні вы не ведаеце, ні я. Я не рабіў тэст. І я не ведаю, перажыў я гэты вірус ужо на нагах ці не. Гэтак жа і там", - заўважыў ён.

Паводле слоў Прэзідэнта, у выніку людзі знаходзяцца ў сваёй закрытай кватэры ў атмасферы вірусаў і часта вельмі позна, ужо ў крытычным стане, паступаюць на лячэнне. "Таму я не разумею тых, хто сёння раіць ізаляваць, закрыць, перакрыць. Працаваць трэба, як мы гэта заўсёды рабілі, кропкава", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў цэлым у Беларусі ўжо вылечылі ад каранавіруса больш за сто чалавек. Ён падзякаваў за гэта ўрачам. "Гэтым урачам я хачу сказаць дзякуй. За тое, што яны знайшлі камбінацыю лякарстваў, каб вылечыць людзей. Малайцы! Але людзі самі, старыя перш за ўсё, павінны аб сабе паклапаціцца. Тыя, хто маладзейшыя, яны перабалелі ўжо і перанясуць гэты вірус. Нікуды мы ад гэтага не дзенемся. Але там, дзе трэба сябе засцерагчы ад небяспекі, трэба засцерагчы", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт нагадаў, што апошнім часам вельмі сур'ёзна ўзяў пад кантроль работу сістэмы аховы здароўя. "Сістэма створана. Сістэма павінна працаваць выключна як гадзіннік. Не магу сказаць, што яна не працуе", - адзначыў ён.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на недахопы ў рабоце медыкаў, маючы на ўвазе бесклапотнасць некаторых урачоў, якія, кантактуючы з пацыентамі, не заўсёды прымаюць неабходныя меры засцярогі. "Вось у Віцебску ведаю - урачы першага ўзроўню - тыя, хто ад некага заразіўся. Там больш за дзясятак. Яны, вядома, не праблемныя. Але ж мы адцягваем увагу на іх лячэнне. Гэтыя ўрачы павінны лячыць пацыентаў, а мы іх лечым. Яны, дзякуй богу, моцныя людзі. Але гэта нядобра, калі ўрач не звяртае ўвагі на элементарныя меры", - лічыць кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у Беларусі прымаюцца неабходныя меры па прадухіленні распаўсюджвання каранавіруса. У тым ліку людзі, якія прыязджаюць з-за мяжы, ідуць на каранцін, усіх кантралююць пры ўездзе, прасочваюць усе кантакты тых, хто заразіўся. "Мы лечым там, дзе трэба іх лячыць. Але нельга людзей абмяжоўваць там, дзе іх нельга абмяжоўваць", - заявіў ён.

Прэзідэнт таксама спыніўся на тым, што маюць месца фэйкі і некаторы недавер да ўлады вакол тэмы каранавіруса. "Вось, улада некага падманвае... Слухайце, ну я не ведаю, навошта мне каго-небудзь падманваць. Я што, гэты вірус стварыў, каб нешта схаваць і людзям не паказваць? Я ж яго не ствараў", - адрэагаваў беларускі лідар.

У цэлым ён адзначыў, што сітуацыя кантралюемая і ніякай катастрофы: "У нас сёння лечацца і застаюцца ў бальніцы 80-90 чалавек. Мы спраўляемся з гэтымі людзьмі". Больш таго, апошнім часам у Беларусі выяўляліся і іншыя вірусы, якія распаўсюджваліся па свеце ў папярэднія гады.

На заканчэнне Аляксандр Лукашэнка сказаў, што, як і ў выпадку з іншымі падзеямі, вайна гэта, эпідэмія або пандэмія, з усяго трэба атрымліваць урокі на будучае. "Мы многаму вучымся. Я асабіста кантралюю некалькі працэсаў. Рана пра гэта гаварыць, але я ўжо людзям сказаў: настане час, я проста раскажу са сваіх назіранняў, спецыялісты скажуць, і мы людзям раскажам аб гэтых уроках. Але гэтыя ўрокі трэба атрымліваць. Калі сёння здарылася бяда ў эканоміцы і з хваробамі людзей, хто гарантуе, што заўтра горш не будзе", - заявіў Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі