Сцяг Нядзеля, 13 ліпеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
30 мая 2025, 11:50

Лукашэнка заявіў, што людзі павінны быць упэўнены ў справядлівасці ўступнай кампаніі

30 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сістэма правядзення ўступнай кампаніі ў ВНУ і экзаменаў у школах павінна пераконваць людзей у справядлівасці. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, заслухоўваючы даклад па ўступнай кампаніі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На даклад да Прэзідэнта прыйшлі віцэ-прэм'ер Наталля Пяткевіч, якая ўзначальвае дзяржаўную камісію па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступнай кампаніі, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў, міністр адукацыі Андрэй Іванец і старшыня КДК Васіль Герасімаў. Кожны з іх прадставіў кіраўніку дзяржавы інфармацыю па сваім напрамку.

"Аб сутнасці нашай размовы. Нюансы, вядома, важны, таму мы закранём і нюансы нашай ўступнай кампаніі. Але самае галоўнае - наша размова павінна прадэманстраваць людзям, насельніцтву, што мы трымаем у полі зроку на самым высокім узроўні працэс арганізацыі ўступных экзаменаў у ВНУ і экзаменаў аб заканчэнні сярэдняга і базавага ўзроўняў адукацыі. Гэта значыць школы і ВНУ. Асабліва паступленне ў ВНУ. Мы добра ведаем, якое значэнне мае гэта падзея ў адказнай сям'і. Самі праз гэта праходзілі. Вельмі важна забяспечыць такую сістэму, якая пераконвала б нашых людзей у справядлівасці правядзення гэтай кампаніі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Я не сумняваюся, што будзе сумленна. Хаця несумленна і не было", - дадаў Прэзідэнт.

"Не было", - пацвердзіў Васіль Герасімаў.
"Проста трэба бацькам і абітурыентам разумець, што ўсё будзе сумленна. Не трэба ісці на нейкія хітрыкі. Прыходзіць у аўдыторыю для здачы экзаменаў трэба са сваімі ведамі. Веды плюс удача - і будзеш вучыцца ў ВНУ. Прынамсі, калі нейкая выпадковасць, мы, Наталля Уладзіміраўна, падумаем над тым, каб выпадковасцей гэтых пазбегнуць. І калі нешта здарыцца, мы павінны бачыць і гэта - паглядзець на тых людзей, якія, магчыма, да нас звернуцца для таго, каб мы яшчэ раз паглядзелі на іх веды. Напэўна, недзе некага ўпусцім. Але ўпускаць мы не павінны. Не трэба ў гэтай сітуацыі крыўдзіць сем'і і, самае галоўнае, маладога чалавека, які становіцца на нармальны жыццёвы шлях", - запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як прайшоў цэнтралізаваны экзамен і ці апраўдала сябе гэта новаўвядзенне. "Калі апраўдала, то ў чым? Толькі шчыра. Калі недзе памыліліся, трэба гэту сітуацыю выпраўляць. Ні ў якім разе яе нельга рэтушаваць, таму што гэта вельмі сур'ёзная справа", - падкрэсліў ён.
Як было даложана Прэзідэнту, уступная кампанія ў гэтым годзе не атрымала значных змяненняў і праходзіць у адпаведнасці з устаноўленым алгарытмам. "Але існуе, няхай невялікі (паўтара-два працэнты), недабор на бюджэтныя месцы. Мы павінны прымаць меры, каб гэтыя месцы былі заняты. Мы ж рыхтуем за кошт бюджэту тых спецыялістаў, якія вельмі патрэбны для народнай гаспадаркі. Мінадукацыі, урад як у гэтым напрамку працуюць? Што зрабілі і што трэба зрабіць?" - спытаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў аб сваім патрабаванні забяспечыць празрыстасць уступнай кампаніі. Паводле яго слоў, важна не страціць магчымасць убачыць кожнага абітурыента.
"Шмат аб гэтым гаворым. Гэта ўсё добра - цэнтралізаваныя экзамены, тэсціраванне і іншае. Але мы самі памятаем працэс здачы экзаменаў і станоўча ацэньваем, калі выкладчык і абітурыент сядзяць адзін насупраць аднаго і выкладчык бачыць гэтага абітурыента. Ці ўсё зроблена для гэтай празрыстасці? Гэта галоўны элемент справядлівасці", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся, якія льготы прадастаўлены абітурыентам і наколькі аб'ектыўны гэты працэс. "Я вас ведаю. Вы, хто сядзіць за гэтым сталом, людзі не толькі адукаваныя, але і выдатнікі. І вы ўсё можаце ацэньваць са сваёй пазіцыі: вось, веды, веды, не ведаеш - ідзі прэч і гэтак далей і да таго падобнае. А ў выніку, вы памятаеце, калі мы заканчвалі ВНУ, тыя, якія былі слабакамі, калі зыходзіць з гэтых крытэрыяў, аказваліся мацнейшымі за тых выдатнікаў, якія здавалі экзамены. Таму хацелася б пачуць тут вашу ацэнку", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў станоўчы вопыт па папулярызацыі прафесійна-тэхнічнай адукацыі сярод маладых людзей. Абітурыенты імкнуцца паступаць у каледжы, і наборы там растуць.

"Гэта добра, не можа не радаваць. Якія дадатковыя меры яшчэ трэба прыняць для таго, каб людзі ішлі атрымаць прафесійна-тэхнічную адукацыю? Можа, і на маім узроўні трэба прымаць якія-небудзь меры?" - удакладніў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле прадстаўленай кіраўніку дзяржавы інфармацыі, у гэтым годзе на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі плануецца прыняць 28 тыс. чалавек, што на 1,2 тыс. больш, чым у 2024 годзе.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі