17 красавіка, Лідскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заяўляе аб неабходнасці пачынаць вучэбны працэс у школах з наступнага тыдня. Аб гэтым ён сказаў сёння ў час рабочай паездкі ў Лідскі раён Гродзенскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Трэба акуратна глядзець за людзьмі і наконт адукацыі, школ і іншага, трэба пачынаць вучыцца. Але павольна, спакойна. У вёсцы няма праблем (ну і трэба ж разумець, што мы дзетак кормім і ўсе на пасяўной, куды дзяваць дзяцей). І праблем там няма. ВРВІ ўжо скончыліся", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Таму могуць недзе займацца - няхай займаюцца. Калі ў горадзе, то тыдзень павінен пайсці на павольнае ўцягванне дзяцей да канца тыдня пасля Вялікадня ў адукацыйны працэс. Трэба паступова пачынаць вучыцца. А той тыдзень хто індывідуальна, хто ў школу прыйдзе... Але трэба раскручваць гэты працэс", - лічыць беларускі лідар.
Пазней, адказваючы на пытанні прадстаўнікоў працоўнага калектыву ААТ "Шклозавод "Нёман", кіраўнік дзяржавы расказаў, што па яго даручэнні ў Мінску і абласных цэнтрах з наступнага тыдня будзе паступова адноўлены адукацыйны працэс у школах. "Яны гэты тыдзень пачнуць, так сказаць, з навучання на адлегласці, індывідуальна. Але да канца тыдня яны павінны ўвайсці ў вучэбны працэс, як усе. Ім тыдзень на гэта. І будзем вучыцца ў суботу, гэта будзе вучэбны дзень. Не проста так - працоўнае навучанне, факультатывы і іншае, а поўны вучэбны дзень, таму што мы крыху адсталі (тыдзень жа прагулялі лішні). І першага чысла (1 мая. - Заўвага БЕЛТА) таксама будзем вучыцца, а другога і трэцяга (2 і 3 мая. - Заўвага БЕЛТА) будуць выхадныя для дзяцей у школах. Мы гэтыя два дні возьмем - і тады нам, можа, нават не спатрэбяцца адзін-два дні ў чэрвені", - заявіў Прэзідэнт.
"Нехта з бацькоў вырашыць сваё дзіця не пускаць. Што ж, я яго прымусіць не магу. Гэта ж ваша дзіця, я ведаю, што такое дзіця. Вы глядзіце самі", - звярнуўся да бацькоў Прэзідэнт. Ён расказаў, што яго малодшы сын вучыцца ў 9-м класе і актыўна рыхтуецца да экзаменаў. Нават у час дадатковых канікулаў ён прадоўжыў адукацыйны працэс. "Ён тры дні адпачыў і зноў пайшоў у школу. І я так назіраю: калі сын Прэзідэнта так імкнецца ў школу, напэўна, ён не адзін", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён упэўнены, што доўгая адсутнасць заняткаў негатыўна ўплывае не толькі на асваенне дзецьмі вучэбнага матэрыялу, але і на паводзіны. "Калі ты прапусціў - не навярстаеш потым, гэта па-першае. Па-другое, псіхалагічна дрэнна для дзяцей. Яны прывыклі ўжо да вялікіх канікулаў, і ім уцягнуцца ў вучобу праблема. А тут яшчэ кароткая чацвёртая чвэрць, хутка чарговыя доўгія канікулы", - заўважыў Прэзідэнт.
Што датычыцца арганізацыі працэсу дыстанцыйнага навучання ў ВНУ, то зрабіць гэта прасцей, чым у школах, таму што там моладзь больш мэтанакіраваная, адказная. Некаторая занепакоенасць адносна ВНУ і школ ёсць наконт выкладчыкаў старэйшага ўзросту. У сувязі з гэтым кіраўніцтва навучальных устаноў павінна прымаць індывідуальныя рашэнні на месцах.
Школьныя канікулы ў Беларусі прадаўжаліся двойчы - кожны раз на тыдзень. У пачатку красавіка міністр адукацыі Ігар Карпенка далажыў кіраўніку дзяржавы аб сітуацыі, сабраўшы папярэдне меркаванні і звароты бацькоў вучняў. Пасля гэтага было прынята рашэнне прадоўжыць вясеннія канікулы з 6 па 11 красавіка ўключна. Затым яны былі прадоўжаны яшчэ на тыдзень.
"З улікам існуючай эпідэміялагічнай абстаноўкі, сезонным пад'ёмам захваральнасці на вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі, грып, іншыя інфекцыі і неабходнасцю стабілізацыі абстаноўкі кіраўніком дзяржавы падтрымана прапанова Мінадукацыі і Міністэрства аховы здароўя аб прадаўжэнні вясенніх канікулаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі да 18 красавіка", - растлумачылі рашэнне ў Адміністрацыі Прэзідэнта.
Адукацыйны працэс у чацвёртай чвэрці будзе ажыццяўляцца з 20 красавіка па 30 мая. Міністэрства адукацыі павінна было скарэкціраваць вучэбныя праграмы і каляндарна-тэматычнае планаванне па кожным вучэбным прадмеце за кошт падтрымліваючых і стымулюючых заняткаў.-0-