29 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Захад выкарыстоўвае мігрантаў як спосаб стрымлівання беларускай арміі ў выпадку канфлікту з Расіяй. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе ў цэнтры стратэгічнага кіравання Міністэрства абароны па пытаннях ваеннай бяспекі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Яны, напэўна, перажываюць, што ў нас стаў меншы паток мігрантаў, таму што выкарыстоўвалі гэтых людзей (мы гэта ўжо бачым) для таго, каб вырашыць свае ўнутраныя праблемы і трымаць нас у напружанні. Яны выдатна разумеюць: калі толькі Украіна паспрабуе развязаць канфлікт з Расіяй, убаку Беларусь не застанецца, таму беларускую армію трэба стрымліваць, напружваць на заходніх рубяжах (Латвія, Літва, Польшча) і на поўдні - узмацненнем украінскай граніцы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт упэўнены, што ў бліжэйшы час яго словы пацвердзяць дзеянні заходняга боку.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што яшчэ раней даручаў міністру абароны і старшыні Дзяржпагранкамітэта ні ў якім разе не паддавацца на правакацыі і не правакаваць канфлікты і сутыкненні. У той жа час міністру абароны і начальніку Генеральнага штаба Узброеных Сіл было даручана падрыхтаваць план адказу на магчымыя агрэсію і проціпраўныя дзеянні ў адносінах да Беларусі.-0-