10 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Забяспечыць Мінск чысцейшай вадой - гэта найвялікшы подзвіг цяперашняга пакалення. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 10 студзеня ў час наведвання новай помпавай станцыі "Шчомысліца", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сёння вельмі шмат гаворыцца пра космас, запуск спадарожнікаў і будаўніцтва атамных станцый. Але, паводле яго слоў, перавод Мінска на водазабеспячэнне з артэзіянскіх крыніц параўнальны з гэтымі маштабнымі праектамі і яшчэ больш важны для людзей.
"Усё ж такі трэць аб'ёму нам не хапала, і амаль палова насельніцтва ў нас не мела артэзіянскай вады. Хоць мы ваду выкарыстоўвалі з паверхневых вод, прыводзілі ў парадак, ачышчалі. Так увесь свет жыве", - канстатаваў Прэзідэнт.
"Кажуць, у нас няма карысных выкапняў. Самы вялікі ў нас - чыстая вада. Я ўжо гаварыў: у нейкім годзе Арганізацыя Аб'яднаных Нацый ацаніла ваду - у нас, па-мойму, і ў Харватыі аказалася вада сама чыстая. Таму забяспечыць мегаполіс амаль на два мільёны чалавек абсалютна артэзіянскай вадой - гэта найвялікшы подзвіг нашага пакалення, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мала хто, ды наогул я не ведаю такіх дзяржаў, якія б з клопатам пра людзей падышлі да гэтага пытання. Мы ж маглі проста абыходзіцца тым, што ёсць. У нас была добрая вада, але зрабілі выдатную ваду. Цяпер Мінск жыве, як любая вёска, а вёскі ўсё ж жывуць са свідравін. Гэта вельмі сур'ёзны праект, і думаю, што мінчане гэта ацэняць. Гэтая вялікая справа".
Як адзначыў старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, да гэтага часу ў горадзе заставаліся тры сістэмныя праблемныя пытанні: водазабеспячэнне сталіцы з падземных крыніц, рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў і будаўніцтва смеццесартавальнага завода.
"Горад штодзень выкарыстоўвае 450 тысяч кубічных метраў вады, 330 тысяч з падземных крыніц у нас было, каля 120-130 тысяч штодзённа пастаўлялася з наземных крыніц (гэта Вілейская водная сістэма). Для таго, каб знайсці гэтыя 130 тысяч, у самім горадзе і на бліжэйшых тэрыторыях такіх запасаў вады не было. Яны былі на адлегласці 35-40 кіламетраў ад горада. Каб падняць гэту ваду, было прабурана і пабудавана 87 новых свідравін, яшчэ больш за 40 перабурана. Пабудавана 114 кіламетраў трубаправодаў вялікага дыяметра", - расказаў Уладзімір Кухараў.
Паводле яго слоў, каштарысная вартасць праекта складала Br850 млн. Аднак за кошт хуткіх тэмпаў работ і дзякуючы эканоміі пры правядзенні закупак удалося сэканоміць амаль Br150 млн. У выніку ўвесь праект абышоўся Br700 млн.
"І сёння горад поўнасцю забяспечаны вадой з падземных крыніц. Сістэму з наземных крыніц мы захаваем: вада будзе выкарыстоўвацца прамысловымі прадпрыемствамі як тэхнічная, для забеспячэння энергетычнага попыту (ЦЭЦ) і абваднення Мінска (Мінскае мора і гэтак далей)", - растлумачыў старшыня Мінгарвыканкама.-0-