ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 25 кастрычніка 2021
Мінск Ясна +4°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
28 верасня 2021, 15:25

Лукашэнка вызначыў, як і хто да рэферэндуму будзе дапрацоўваць праект новай Канстытуцыі

28 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, падводзячы вынікі дыскусіі на пашыраным пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі, вызначыў, як і хто да рэферэндуму будзе дапрацоўваць праект новай Канстытуцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гэта не апошняя наша сустрэча. Я яшчэ раз агучу тое, што ў пачатку гаварыў. Адміністрацыя Прэзідэнта падрыхтуе распараджэнне Прэзідэнта, якім будзе створана група, якая дапрацуе праект Канстытуцыі і выйдзе на больш дасканалы праект. Я буду з імі часта сустракацца, каб адказаць на нейкія пытанні. А потым, перад унясеннем на ўсенароднае абмеркаванне таго праекта, мы з вамі ў такім жа складзе збяромся. Камісія не распускаецца, не знікае. Яна прадаўжае працаваць. Групу вы будзеце ведаць. Уносьце вы таксама туды свае прапановы, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Група юрыстаў пасля ўсенароднага абмеркавання кожны радок паглядзіць і канчаткова юрыдычнай мовай прапіша дакумент, які будзе выносіцца на рэферэндум. Вось дзе юрысты будуць. А гэта група павінна быць не толькі юрыстаў. Гэта павінна быць група спецыялістаў, дзе павінны быць і эканамісты, і ўпраўленцы".

У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў пытанне аб тым, якімі павінны быць функцыі і роля Усебеларускага народнага сходу: "Вы што, лічыце, што юрысты па спецыяльнасці лепш будуць ведаць, чым Андрэйчанка (старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка. - Заўвага БЕЛТА) функцыі гэтыя? Не. Ён гэта прайшоў, гэта ўсё яго жыццё. І ён ужо будзе ведаць як эксперт: гэта падыдзе, гэта - не. Гэта будзе яго меркаванне. Вось ён не юрыст, хоць у парламенце даўно ўжо юрыстам таксама стаў".

"Таму розныя павінны быць людзі. Высокага ўзроўню. Упраўленцы павінны быць моцныя. А потым канчатковы варыянт, Вольга Іванаўна (намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Вольга Чупрыс. - Заўвага БЕЛТА), калі ласка, збярыце юрыстаў і паглядзіце з юрыдычнага пункту гледжання. Таму што Канстытуцыя - гэта перш за ўсё юрыдычны дакумент", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Такім чынам, пасля дапрацоўкі цяперашняга праекта і яго ўсенароднага абмеркавання юрысты канчаткова дапрацуюць дакумент і прадставяць Прэзідэнту для далейшага вынясення на рэферэндум. Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу: на гэтым этапе ў групе па дапрацоўцы праекта новай Канстытуцыі могуць прыняць удзел і члены Канстытуцыйнай камісіі. "Гэта група не толькі з прысутных тут людзей. Гэтых людзей трэба вызначыць. З такой групай я дапрацоўваў асабіста Канстытуцыю гэту (размова аб практыцы падрыхтоўкі праекта цяпер дзеючага ў краіне Асноўнага закона. - Заўвага БЕЛТА), - адзначыў беларускі лідар. - Не трэба гаварыць, што Канстытуцыя - гэта справа юрыстаў. Не. Юрысты, калі будзе ідэя, могуць ёй надаць любую форму. Але гэта ўжо будзе на апошняй стадыі".

На заканчэнне Аляксандр Лукашэнка паставіў дакладныя задачы і давёў тэрміны: "Трэба ў бліжэйшы тыдзень унесці прапанову па гэтай групе. Каб мы на працягу хаця б месяца дапрацавалі Канстытуцыю. Потым збяромся, яшчэ раз абмяркуем, унясём на разгляд народа. І ў канцы юрысты дапрацуюць. Мы зноў з вамі збяромся перад вынясеннем на рэферэндум. Вы загадзя атрымаеце праект, прачытаеце, пагледзіце, і канчаткова прымем рашэнне".

Як паведамлялася БЕЛТА, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што рэферэндум па новай рэдакцыі Канстытуцыі Беларусі адбудзецца не пазней за люты 2022 года. "Важна, каб уся праводзімая работа па канстытуцыйным будаўніцтве стала асновай для кансалідацыі беларускага грамадства, заклала трывалы прававы фундамент для развіцця краіны на перспектыву. Упэўнены, так і будзе, таму што канчатковае рашэнне прыме народ. Як я ўжо гаварыў, рэферэндум адбудзецца не пазней за люты будучага года", - сказаў Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі