Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
06 студзеня 2022, 12:34

Лукашэнка выступіў за адэкватную ацэнку гістарычных перыядаў, уключаючы часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай

6 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выступіў за адэкватную ацэнку гістарычных перыядаў на беларускіх землях, уключаючы часы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на нарадзе па пытаннях рэалізацыі гістарычнай палітыкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Калі сёння літоўцы і палякі адмаўляюць уклад беларускага народа ў развіццё такіх гістарычных форм дзяржаўнасці на нашай зямлі, як Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, то што нам перашкаджае даць гэтым перыядам адэкватную ацэнку", - адзначыў Прэзідэнт.

"Давайце ў падручніках па гісторыі, у замкавых і музейных экспазіцыях так і назавём, напрыклад, перыяд Рэчы Паспалітай - акупацыяй беларускай зямлі палякамі. Этнацыдам беларусаў. А што гэта было для нашых продкаў? - задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы. - Родная мова, культура, вера пад забаронай. Нельга было нават быць чалавекам. Магнаты на сабак мянялі беларускіх сялян. Але народ выжыў і больш таго - захаваў сваю самабытнасць".

"А вазьміце Вялікае Княства Літоўскае. Сучасныя літоўцы фактычна прыватызавалі спадчыну гэтага дзяржаўнага ўтварэння. Але што там было літоўскага? Мова - наша, на ёй жа напісана і Канстытуцыя - Статут. Галоўная вера - праваслаўе. Тэрыторыя - у асноўным беларуская, украінская, часткова рускія землі. Народ на 80 працэнтаў - наш. Славяне. А гэта асноўныя атрыбуты і прыкметы дзяржаўнасці", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Акрамя таго, калі на ўсю Еўропу грымелі Полацкае і Тураўскае княствы як цэнтры духоўнасці і асветы, продкі літоўцаў усё яшчэ жылі ў цемры язычніцтва і вялі прымітыўную гаспадарку. Як ёсць. Гэта пытанне нашай нацыянальнай годнасці – абараніць слаўны шматвяковы летапіс беларускага народа. Мы разумеем, што нам ёсць чым ганарыцца, - заявіў Прэзідэнт. - Чаго толькі варта гісторыя Полацкага і Тураўскага княстваў, якая неяк згубілася на фоне гістарыяграфічнай, навуковай і культурнай цікавасці да іншых старажытных эпох".

Разам з гэтым Прэзідэнт заклікаў не забываць і аб дасягненнях савецкага перыяду: "Давайце не будзем забываць, што як нацыя мы канчаткова сфарміраваліся менавіта ў савецкі час. Менавіта тады пачалася гісторыя беларускай дзяржавы. Па-сапраўднаму".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння беларускі народ прадаўжае пісаць сваю гісторыю. "Нам трэба перайсці на новы этап, як гавораць эксперты, пачаць вызначаць і фарміраваць сэнсы ў галіне нацыянальна-гістарычнага развіцця беларускага народа і дзяржавы. Мы павінны папярэджваць новыя выклікі і пагрозы ў сферы нацыянальнай памяці. Трэба вызначыць стратэгію і тактыку работы ў гэтай галіне. Інакш мы, нашы дзеці зноў паўторым чорныя дні гісторыі, калі былі вымушаны жыць пад прыгнётам чужых гаспадароў на сваёй зямлі. Як я гавару, пад бізуном", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што цяпер стаіць задача не дапусціць развіцця ідэй, якія могуць падарваць краіну ў будучым. "Для гэтага ў нас ёсць усё - і час, і неабходныя рэсурсы. Таму спакойна, без хістанняў нам трэба гэтыя пытанні адпрацаваць і канцэптуальна вызначыцца ў падыходах, пракласці моцны мост паміж мінулым і будучым нашай Беларусі", - адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама ўказаў на неабходнасць выпрацаваць выразную канцэпцыю ацэнкі падзей і ролі асоб у гісторыі беларускай дзяржавы.

На нарадзе былі заслуханы прапановы па рэалізацыі гістарычнай палітыкі ў краіне, выпрацаваныя па даручэнні кіраўніка дзяржавы Адміністрацыяй Прэзідэнта Беларусі сумесна з Нацыянальным сходам, прадстаўнікамі гістарычнай грамадскасці, іншымі зацікаўленымі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі