Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ

Апошнія навіны
Усе навіны

Лукашэнка высока ацаніў дасягненні творчай моладзі

Прэзідэнт 20.03.2018 | 14:39
У час сустрэчы
У час сустрэчы

20 сакавіка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў дасягненні творчай моладзі, з якімі азнаёміўся сёння на выстаўцы-прэзентацыі ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы дэталёва агледзеў усе павільёны і стэнды. Выстаўка-прэзентацыя дасягненняў творчай моладзі складаецца з 3 інфармацыйных стэндаў ("Падрыхтоўка кадраў у сферы культуры", "Дзейнасць спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі", "Дзейнасць фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва") і 4 тэматычных павільёнаў. У прыватнасці, у першым павільёне адлюстраваны традыцыі і інавацыі ў сучаснай культуры. На плазменным экране дэманструюцца відэафрагменты наватарскіх творчых праектаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў - мюзіклаў "Дуброўскі", "Казанова", "Сем тайн Беларусі". Прадстаўлены касцюмы са студэнцкіх мюзіклаў, а таксама дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (тэкстыль і кераміка), калекцыя беларускіх народных музычных інструментаў. У інтэрактыўнай частцы - ігра на старажытных музычных інструментах, вакальныя фрагменты з мюзікла "Казанова". Акрамя таго, прадстаўлены альбом па будаўніцтве спартыўна-культурнага цэнтра ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Прэзідэнт адзначыў аўтарскія творы студэнтаў і выпускнікоў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Напрыклад, на выстаўцы была карціна з выявай храма, выкананая з фетру, шкла і металу. Увагу прыцягнула і дэкаратыўнае пано, зробленае з тэкстыльнай мазаікі. Дарэчы, многія з аўтарскіх работ унікальныя сваімі тэхнікамі. Асаблівую цікавасць кіраўніка дзяржавы выклікалі старадаўнія музычныя інструменты і кераміка, якія таксама робяць маладыя таленавітыя майстры.

Яшчэ адзін павільён прысвечаны візуальным і відовішчным мастацтвам. На плазменным экране былі прадэманстраваны фрагменты фільмаў у ігравой, неігравой, анімацыйнай формах, створаныя студэнтамі і выпускнікамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Макеты і фатаграфіі расказваюць аб наватарскіх распрацоўках у галіне прамысловага дызайну студэнтаў Белдзяржакадэміі мастацтваў. Акрамя таго, тут прадстаўлены жывапіс, графіка, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва (работы акадэміі мастацтваў і Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К.Глебава). Фотаматэрыялы знаёмяць з работамі па мастацкім афармленні і роспісе культавых будынкаў. Прадстаўлены таксама ўзнагароды студэнтаў і выкладчыкаў акадэміі мастацтваў і мастацкага каледжа. У інтэрактыўнай частцы - дэманстрацыя працэсу вырабу лінагравюр, каліграфічнага пісьма, дызайнерскага 3D-npаeKTa "Levitron".

Кіраўнік дзяржавы таксама азнаёміўся з павільёнам, які расказвае аб харэаграфічным мастацтве. У яго раздзелах - фатаграфіі і інфармацыя аб Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжы, кафедрах Белдзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў, Белдзяржакадэміі музыкі, што рыхтуюць спецыялістаў у галіне харэаграфічнага мастацтва. Тут ёсць таксама сцэнічныя касцюмы, створаныя за кошт сродкаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі. Прэзідэнту былі паказаны элементы харэаграфіі.

Належная ўвага на выстаўцы ўдзелена і музычнаму мастацтву. Тут інфармацыя аб акадэміі музыкі і Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры акадэміі музыкі. На плазменным экране - відэапрэзентацыя наватарскіх творчых праектаў акадэміі музыкі і гімназіі-каледжа (творчы праект "Дакрананне", дзіцячы тэлевізійны конкурс "Талент краіны", культурна-асветны праект "Велікодны фестываль"). Прадстаўлены таксама высакакласныя музычныя інструменты для ўдзелу ў конкурсах - баян, скрыпка Гварнеры, арфа Salvi, саксафон Selmer.

Аляксандр Лукашэнка цёпла пагутарыў са студэнтамі, якія прадставілі свае таленты, выступілі з музычнымі і вакальнымі нумарамі (струнны квартэт, арфа, вакал). Дарэчы, на старадаўняй скрыпцы Гварнеры (17 стагоддзе) іграла студэнтка Паліна Чарнеўская. Выступілі таксама студэнтка Белдзяржакадэміі музыкі Настасся Рабцэвіч, якая пад акампанемент студэнта гэтай жа ВНУ Аляксандра Данілава (саліста Белдзяржфілармоніі) выканала творы Станіслава Манюшкі.

Акрамя таго, выступіў музычны калектыў Белдзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў "Валачобнікі" і хор Белдзяржакадэміі музыкі. Кіраўніку дзяржавы спадабаліся выступленні, і ён заўважыў: "А кажуць, на "Еўрабачанне" няма каго пасылаць...".

У Беларусі ў цэлым паспяхова рэалізуецца дзяржаўная маладзёжная палітыка ў сферы культуры. Так, ажыццяўляецца сістэма мер, накіраваных на сацыяльную абарону і падтрымку таленавітай моладзі па розных напрамках. Пераможцы рэспубліканскіх мастацка-творчых спаборніцтваў, лаўрэаты і стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі маюць права залічэння ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі ў сферы культуры без уступных іспытаў. Паўналетнім маладым грамадзянам, якія з'яўляюцца лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, прадастаўляецца пазачарговае права на атрыманне льготных крэдытаў на будаўніцтва (набыццё) жылля.

Акрамя таго, юнакі і дзяўчаты, уключаныя ў банк даных таленавітай моладзі, маюць шэраг дадатковых ільгот і сацыяльных гарантый, у тым ліку гэта павышэнне тарыфных ставак на 50 працэнтаў маладым спецыялістам, размеркаваным у арганізацыі, што фінансуюцца з бюджэту, стварэнне ўмоў кіраўнікамі арганізацый, дзе навучаюцца, працуюць асобы, уключаныя ў банк даных, для іх прафесійнага росту (прадастаўленне права пазачарговага засялення ў інтэрнат у перыяд навучання, першачарговае ўключэнне ў кадравы рэзерв, накіраванне на стажыроўкі, перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі).-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Прэзідэнт
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Гандаль у Мінску ў святочныя дні Магазінам Мінска з 15 снежня па 15 студзеня рэкамендавана працаваць без закрыцця на рамонт і санітарны дзень.