Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
09 жніўня 2021, 18:50

Лукашэнка выказаўся за выбудоўванне нармальных адносін з Польшчай

9 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаўся за выбудоўванне нармальных адносін з Польшчай. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння ў час "Вялікай размовы з Прэзідэнтам" - сустрэчы з журналістамі, прадстаўнікамі грамадскасці, экспертнай і медыйнай супольнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адказваючы на пытанне журналісткі польскай газеты, што гатовы Аляксандр Лукашэнка зрабіць для паляпшэння беларуска-польскіх адносін, Прэзідэнт сказаў: "Я ўсё рабіў, каб у нас былі добрыя адносіны з Польшчай. Вы вырашылі, што будзе па-іншаму, узялі пад казырок і ўсё, што вам ЦРУ сказала, вы зрабілі. Таму вы думайце, што рабіць. Я гатовы на ўсё, я маю на ўвазе на любыя размовы, і яны ідуць".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нават цяпер прадаўжаюцца кантакты з прадстаўнікамі Польшчы на розных узроўнях, у прыватнасці, абмяркоўваюцца пытанні гуманітарнага характару. "Мы негалосна гэты дыялог вядзём. І мы бачым, што кіраўніцтва Польшчы зразумела, у якое балота яны ўлезлі, ну і мы там з імі сядзім. Паколькі мы, напэўна, не зусім бязглуздыя людзі - і палякі, і беларусы - нам трэба выбудоўваць нармальныя адносіны", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, ёсць прыклады, калі прадстаўнікі Польшчы выбудоўваюць паспяховы бізнес у Беларусі і гатовы прадаўжаць сваю справу, укладваць інвестыцыі. "Чаго мы будзем з бізнесам ваяваць або з палякамі? Навошта? Гэта ж нармальныя людзі, з якімі нам жыць", - канстатаваў беларускі лідар.

У той жа час ён звярнуў увагу на крывадушныя заявы асобных польскіх палітыкаў і ў прыватнасці Анджэя Дуды, які азадачыўся рэзультатамі выбараў у Беларусі, хоць сам прыйшоў да ўлады з мінімальнай разбежкай пры падліку галасоў. "Не вам лезці ў наш агарод! Ну сказалі два словы і хопіць, разумеючы, што нам жа жыць разам. І там, у Амерыцы, ацэняць (усё ж такі два словы сказалі), і тут не будуць супраць вас. Трэба ж гібкую палітыку праводзіць. Лёс наш такі - і Польшча, і мы знаходзімся ў цэнтры Еўропы, на перакрыжаванні многіх інтарэсаў. Не, палезлі ў бутэльку. Чаго вы лезеце? Што вы нас на калені паставіце? Ніколі ў жыцці. Таму давайце шукаць нармальныя адносіны. І яны ведаюць, што трэба", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аднак шлях да дыялогу праз выстаўленне папярэдніх умоў немагчымы, упэўнены Прэзідэнт. "Не тая сітуацыя, каб мне выстаўляць нейкія ўмовы, - падкрэсліў ён. - Знойдзем мы агульную мову, таму што нам ад гэтага нікуды не дзецца".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі