
21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ад практыкі збору грошай з бацькоў у школах адыходзіць не трэба, але арганізоўваць гэта трэба разумна. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях удасканалення адукацыйнай сферы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У час нарады кіраўнік дзяржавы выказаўся і пра збор сродкаў з бацькоў на патрэбы класа або школы. Прэзідэнт не бачыць у гэтым ніякіх праблем, калі гэты працэс арганізаваны правільна і па-чалавечы.
"Нічога страшнага. У нас бясплатная адукацыя. Толькі дырэктарам трэба разумна гэта рабіць. Можа, паўтара чалавека адмовяцца, грошай не дадуць на рамонт або на што-небудзь. І не трэба. Адмовіўся дык адмовіўся, абыдземся. Але ад гэтай практыкі адыходзіць не трэба. Але не так: "Ты нясі столькі грошай! Мы тут на савеце нейкім вырашылі". Не трэба так рабіць. Мы грошы на школы знойдзем. Але калі бацькі будуць удзельнічаць у гэтым нейкай сваёй капейкай, страху я ў гэтым абсалютна не бачу. У нас людзі ўжо не бедныя", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Закрануў кіраўнік дзяржавы і шосты школьны дзень - суботу. Ён падкрэсліў, што ў гэты дзень неабходна ўдзяляць увагу перш за ўсё здароўю дзяцей, а не ўрокам і факультатывам. "Субота павінна быць разгружана, - запатрабаваў Прэзідэнт. - Як без спартыўных заняткаў? Вазьміце за руку бацькоў і дзяцей, адвядзіце на спартыўную пляцоўку".-0-