Сцяг Субота, 24 мая 2025
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
26 студзеня 2025, 19:25

Лукашэнка выказаўся аб развіцці нейрасетак

26 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў час размовы з журналістамі пасля галасавання на выбарчым участку расказаў, ці будзе Беларусь прымаць заканадаўчыя меры для ўрэгулявання пытанняў, звязаных са штучным інтэлектам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Размова зайшла пра небяспечныя вынікі развіцця нейрасетак і неабходнасць заканадаўчага ўрэгулявання гэтых пытанняў, як гэта робяць у некаторых краінах.

"Цяпер мы вывучаем гэты пласт. Мы толькі на пачатковай стадыі, але будзем ісці хутка", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Небяспека нейрасетак не толькі ў тым, што яны будуць вяшчаць нечымі галасамі. Гэта мы растлумачым людзям. Калі будзе надзвычайна -  гэта раўнасільна вайне, - мы будзем па-ваеннаму дзейнічаць, але сваю краіну мы не аддадзім. Мы прыменім усе метады, у гэтым можаце не сумнявацца. Будзем дзейнічаць жорстка, рашуча", - расказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што, калі быў у ААЭ, якраз вялікую ўвагу ўдзяліў тэме развіцця штучнага інтэлекту. "Эміратцы вельмі паглыблены ў гэту тэму", - заўважыў Прэзідэнт.

Ён таксама звярнуў увагу: "Нядаўна генеральны сакратар ААН заявіў, і гэта таксама меркаванне сусветных спецыялістаў: чалавецтва сёння не ўмее кантраляваць і кіраваць штучным інтэлектам, гэта можа прывесці да гібелі ўсяго чалавецтва".

Закранаючы тэму заканадаўчага рэгулявання звязаных са штучным інтэлектам пытанняў, кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Мы цяпер гэты пласт вывучаем для таго, каб прыняць адпаведнае рашэнне. І калі нам трэба пайсці нейкім шляхам, мы пойдзем кітайскім шляхам, жорстка абараняючы сваю краіну".

Ён таксама прадоўжыў: "Мы ведаем, што могуць падрабіць асобу, але "прышчэпку" людзям мы зрабіць можам. Галоўнае, каб тыя, хто наперадзе нас, гэта перш за ўсё ЗША (Кітай супраць нас не будзе змагацца), каб яны не разбурылі нам краіну. І калі амерыканцы, інвесціраваўшы туды паўтрыльёна долараў, думаюць, што яны, апярэдзіўшы іншых, на гэтым нешта атрымаюць, яны могуць атрымаць адваротны эфект. Вакол Трампа, бізнесмена, мільярдэра, круцяцца такія ж мільярдэры як Маск, яны няхай думаюць яшчэ і аб тым, што гэта можа быць накіравана супраць іх. Яны гэтага звера з клеткі выпусцяць і ён выскаліць зубы супраць іх".

Разам з гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, наколькі Кітай старанна падыходзіць да выбару канкрэтных напрамкаў для выкарыстання штучнага інтэлекту - гэта тыя напрамкі, якія важныя для грамадства, дапусцім, медыцына, абарона.

Аляксандр Лукашэнка выказаў захапленне сучаснымі дасягненнямі Кітая.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі