ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Чацвер, 23 студзеня 2020
Мінск Пераменная воблачнасць -1°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
05 снежня 2019, 16:03

Лукашэнка выказаўся аб постсавецкіх рэаліях у Беларусі

5 снежня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з парламентарыямі выказаўся аб постсавецкіх рэаліях у Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт нагадаў, што пасля распаду Савецкага Саюза беларускаму народу трэба было выбудоўваць новую эканамічную мадэль, не маючы залатога запасу, нафты і газу, прытым што Беларусь у савецкую бытнасць удзельнічала ў бурэнні свідравін на сібірскай тэрыторыі, а таксама здабычы нафты, газу. Што датычыцца беларускай нафты, то яна ў той час чамусьці экспартавалася, хоць была больш якасная, чым расійская. Відаць, з-за палітычных амбіцый тагачасных саюзных кіраўнікоў.

"У Беларусі была больш якасная нафта, чым у Расійскай Федэрацыі, - лёгкая нафта. Але мы па 9 млн т пампавалі і гналі на Захад дзеля зорак кіраўнікам нашай партыі. Так было. І сёння мы засталіся з 2 млн т нафты, якіх, вядома ж, не хапае для работы народнагаспадарчага комплексу", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусі цяпер даводзіцца шукаць нафту, каб загрузіць свае нафтаперапрацоўчыя заводы. "Праўда, калі б гэта было цяпер, ніколі іх не будавалі б, - заўважыў кіраўнік дзяржавы. - У нас няма тых 25 млн т нафты, якія могуць перапрацаваць нашы прадпрыемствы. Ды і БелАЗ мы не будавалі б: мы толькі паўтара аўтамабіля выкарыстоўваем у Беларусі. Усё гэта, як і ўся магутная эканоміка Беларусі, было прызначана на работу на ўвесь гіганцкі Савецкі Саюз. Тады рэсурсы адтуль, з Сібіры, з Далёкага Усходу і іншых месцаў рухаліся ў заходнім напрамку. Тэхналагічны Захад атрымліваў нашу сыравіну і гатовую прадукцыю, мы тады маглі забяспечваць не толькі краіны, якія ўваходзяць у сацыялістычны блок, але і заходнія дзяржавы. Пастаўляючы ім рэсурсы, мы маглі дыктаваць і ўмовы: бераце нафту, газ - значыць, возьмеце і нашы трактары, аўтамабілі, а не толькі з-за акіяна. І мы, Украіна, Беларусь, Прыбалтыка, высокатэхналагічныя краіны, добрая лагістыка, перапрацоўвалі ўсе гэтыя рэсурсы ў гатовы тавар і пастаўлялі за межы нашай краіны".

З распадам Саюза ўсё рэзка змянілася. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, нагадваючы пра той няпросты час: "Краіна развалілася, і мы - скрываўлены абрубак гэтай краіны - засталіся не толькі без залатога запасу, але мы тады засталіся з паперкамі - савецкімі рублямі. Расія нам клялася, што з рублёвай зоны не выйдзе, што савецкі рубель застанецца ў нас валютай, а потым нас проста кінулі з гэтымі паперкамі. Усе ўспамінаюць той перыяд і ўсміхаюцца, якія грошы ў нас былі: "зайчыкі", звяр'ё рознае".

"Што тады адбывалася ў краіне - пустыя паліцы, людзям не было чаго есці, не было чаго адзець, - прадоўжыў беларускі лідар. - Была пастаўленая прадукцыя за межы краіны і атрыманыя за яе паперкі, якія за суткі ператварыліся ў пыл. Нам давялося выходзіць, выкарабквацца з той цяжкай сітуацыі. Проста мы аказаліся ў той час ні з чым, але самае галоўнае, што не было ніякай эканамічнай мадэлі, па якой маглі б развіваць незалежную і суверэнную краіну - яе трэба было пабудаваць. Скрываўлены абрубак ад савецкай імперыі - вось што ўяўляла тады наша Беларусь".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь справілася з цяжкасцямі і ідзе выбраным суверэнным і незалежным шляхам.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі