Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
09 жніўня 2021, 18:10

Лукашэнка выказаўся аб меркаваннях, што ён можа ўзначаліць УНС

9 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаўся аб меркаваннях, што ў рамках магчымага надання канстытуцыйнага статусу Усебеларускаму народнаму сходу цяперашні кіраўнік дзяржавы можа яго ўзначаліць. Адпаведныя заявы ён зрабіў сёння ў час "Вялікай размовы з Прэзідэнтам", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сапраўды сам гаварыў пра ідэю надаць УНС канстытуцыйны статус. "Я гэта адкрыта, сумленна сказаў. Хоць разумеў, што мяне адразу ж падвяжуць пад гэты Усебеларускі народны сход. Але калі ў такім рэчышчы разважаць, дык маліцеся богу, каб я пагадзіўся яшчэ быць старшынёй Усебеларускага народнага сходу", - сказаў ён.

"У чым я адназначна перакананы: самае галоўнае цяпер для Беларусі - ідзе змена пакаленняў. Пакаленне маё адыходзіць. Прыходзіць актыўнае новае пакаленне. Нам трэба захаваць баланс. Новае пакаленне, якое цяпер прыходзіць, яно не павінна выкінуць на абочыну старэйшае пакаленне. Гэты вопыт заўсёды спатрэбіцца", - упэўнены Прэзідэнт.

Ён удакладніў, што пад новым пакаленнем дзяржаўных дзеячаў мае на ўвазе не ўзрост, а свядомасць і мысленне. А старэйшае пакаленне - "у плане кантролю, нейкай стабільнасці вызначэння стратэгіі" - можа, адыходзячы, перадаць свой вопыт ужо ў якасці Усебеларускага народнага сходу.

"Пры гэтым ні ў якім выпадку не павінна быць двоеўладдзя. Усебеларускі народны сход - прэзідыум там будзе або старшыня - не павінен мець перавагу над урадам і Прэзідэнтам", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Таксама ён растлумачыў, чаму менавіта цяпер так важна тэма абнаўлення Асноўнага закону краіны. "Нельга гэту Канстытуцыю, якая ёсць, яна сапраўды вельмі аўтарытарная, - перадаць таму Прэзідэнту, які прыйдзе. Таму што мы не ведаем, хто ён яшчэ будзе і як ён сябе будзе паводзіць. З гэтага ж усё пачалося: патрэбна новая Канстытуцыя, таму што "а раптам". Вось узялі б уладу з гэтай Канстытуцыяй - і ніхто не варухнуўся б. Таму так, трэба збалансаваць і частку паўнамоцтваў стратэгічнага характару перадаць УНС", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама лічыць, што асобныя кадравыя функцыі, відавочна, давядзецца перадаць на ўзровень УНС, прычым нават не прэзідыума, а самога сходу. "Мы заўсёды гаворым, што незалежныя павінны быць суды і г.д. Правільна! Але незалежныя не ў тым плане, што я хаджу і не бачу нікога і ні перад кім не адказваю. Можа, Канстытуцыйны суд будзе фарміраваць Усебеларускі народны сход", - прапанаваў для разважання кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт прызнаўся, што нядаўна якраз пераасэнсоўваў для сябе гэта пытанне: чым будзе займацца УНС. Напрыклад, вызначаць стратэгію на будучае, кантраляваць нейкія глабальныя пытанні. Прычым, магчыма, гэта будзе толькі часовая мера, да той пары, пакуль усё не супакоіцца ў краіне".

"Усё пытанне ў тым, якімі паўнамоцтвамі мы надзелім Усебеларускі народны сход. Вось тут я пакуль не ведаю. І ўпэўнены, што мы з вамі знойдзем, якія паўнамоцтвы туды перадаць. Але перадаваць будзем толькі ў інтарэсах беларускай дзяржавы, у гэтым я кроўна зацікаўлены. Каб, пайшоўшы як першы Прэзідэнт, гэта дзяржава не рухнула", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі