Сцяг Пятніца, 23 мая 2025
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
31 сакавіка 2025, 14:08

Лукашэнка выказаў порцыю крытыкі ў адрас Гродзенскай вобласці, хоць гэта і перадавы рэгіён

31 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пры назначэнні Юрыя Караева на пасаду старшыні Гродзенскага аблвыканкама выказаў порцыю крытыкі па паказчыках работы ў рэгіёне, хоць вобласць лічыцца ў краіне перадавой, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У прыватнасці, не выконваюцца некаторыя прагнозныя паказчыкі. "За студзень-люты, значыць за гэтыя два месяцы, два паказчыкі не выкананы. Валавы рэгіянальны прадукт - 2 працэнты не дацягнулі да ста. А наогул 5 працэнтаў да планавых паказчыкаў Гродзенская вобласць не дацягнула. І вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі - вы недзе пад працэнт не дадалі, - заўважыў кіраўнік дзяржавы. - Я, вядома, разумею, што ўзровень вашай сельскай гаспадаркі ў рэгіёне вельмі высокі і дадаваць да гэтага складаней, чым у іншых абласцях. Але паказчыкі трэба выконваць. Вы як чалавек ваенны лепш за ўсіх гэта разумееце. Тут, можа, не столькі ваша віна, колькі ў цэлым кіраўніцтва вобласці. І былога губернатара. Але я лічу, што адказ на гэта пытанне павінен быць".

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на скарачэнне колькасці занятых у эканоміцы, што ўласціва і для іншых рэгіёнаў. "Гэта дрэнна, але, магчыма, вы і такой колькасцю спраўляецеся", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы і на паказчык тэмпу росту будаўніча-мантажных работ у вобласці за 2024 год, які не выконваецца больш як на 17 працэнтаў. "Адзіная вобласць, якая не забяспечыла гэты паказчык", - канстатаваў беларускі лідар.

"Пастаўлена задача штогод з 2025 года забяспечваць валавы збор у вас збожжавых, зернебабовых, кукурузы 2,5 млн т. Тут хоць памры, але такі паказчык трэба дасягнуць", - паставіў задачу Прэзідэнт.

Яшчэ адзін негатыўны факт - падзеж буйной рагатай жывёлы на 11 працэнтаў вышэйшы за ўзровень 2023 года. "За што - за што, але за падзеж жывёлы патрабаванне будзе вельмі строгае і з іншых, і з вашай вобласці. У іншых яшчэ больш сумна", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Хоць і невялікае, але ёсць у рэгіёне скарачэнне пагалоўя свіней - на 1 тыс. галоў. "Ну, гэта непаразуменне. 1 тыс. галоў - гэта нішто. Таму трэба на гэта звяртаць увагу. Ну і іншыя праблемы", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Як бачым, лягчэй не будзе і ў Гродзенскай вобласці. Нягледзячы на тое, што гэта больш развітая вобласць. Так, там прамысловасці не столькі (як у іншых рэгіёнах. - Заўвага БЕЛТА). Хоць з уводам атамнай станцыі і ў вас гэта дабавілася. Але сельская гаспадарка. Гэта жытніца краіны. І мы заўсёды ў прыклад ставілі Гродзенскую вобласць, называючы яе жамчужынай. Людзі працавітыя, добрыя, вас паважаюць, я гэта ведаю. І вы неяк прыжыліся там. Як на сваёй роднай зямлі. Мяне гэта радуе", - даваў наказ Аляксандр Лукашэнка.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі