
25 мая, Масква /Кар. БЕЛТА/. Вопыт Саюзнай дзяржавы можа быць запатрабаваны ў развіцці ЕАЭС. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у Маскве на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Беларусь падтрымлівае ініцыяваную ў рамках расійскага старшынства неабходнасць вызначэння падыходаў да фарміравання новай Стратэгіі развіцця еўразійскай інтэграцыі да 2030, а дзесьці і да 2045 года, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - У той жа час хачу падкрэсліць, што пры падрыхтоўцы актуальных стратэгічных дакументаў нашаму саюзу можа ўяўляць цікавасць вопыт рэалізацыі некаторых ініцыятыў на ўзроўні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, аб якім так шмат учора гаварыў на форуме Прэзідэнт Казахстана".
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка выступіў з перасцярогай ад залішняга захаплення стратэгічным планаваннем. "Прынамсі, гэта карысная работа не павінна адмяняць або падмяняць практычную дзейнасць па рэалізацыі мэт і задач Дагавора аб ЕАЭС, якая вядзецца дзяржавамі-членамі і Камісіяй ужо цяпер. Наогул, назбіраўся шэраг канкрэтных пытанняў, якія трэба знімаць. Яны на паверхні", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка перакананы, што сумеснымі намаганнямі бакі змогуць у поўнай меры рэалізаваць патэнцыял Еўразійскага эканамічнага саюза як унутры аб'яднання, так і на знешнім контуры. Тым самым удасца стварыць адзін з важкіх і адказных цэнтраў новага, шматпалярнага свету.-0-