Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
02 красавіка 2020, 15:52

Лукашэнка: вопыт Беларусі ў барацьбе з вірусамі можа для многіх служыць прыкладам

2 красавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што вопыт Беларусі ў барацьбе з віруснымі захворваннямі можа для многіх служыць прыкладам. Аб гэтым ён заявіў сёння ў інтэрв'ю МТРК "Мір", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт адзначыў, што і на яго асабіста, і на Беларусь у цэлым аказваюць пэўны націск у сувязі з тэмай каранавіруса. "Пачынаюць: вось, яны неяк не так, як усе. Слухайце, калі б было так ва ўсіх, як у Беларусі, па барацьбе з гэтымі віруснымі захворваннямі, і там не забывалі б пра тое, што ёсць і сардэчнікі, і анкалогія, траўматалогія, ёсць проста пнеўманія - сезонная хвароба вельмі моцная... Напэўна, не было б такіх праблем. Я не хвалюся. Можа, у нейкай ступені апраўдваюся, што мы не менш з вірусамі (змагаемся. - Заўвага БЕЛТА), не толькі з каранавірусам. Вядома, мы на гэта рэагуем. Але мы не забываем, што вірусаў у нас цяпер, як звычайна, шмат", - заявіў беларускі лідар.

У інтэрв'ю Прэзідэнт расказаў, што распаўсюджванне ў Беларусі каранавіруса першапачаткова звязана з завознымі выпадкамі, у Мінску гэта ці Віцебску. У цэлым ён заклікаў не дапускаць панікі і спакойна дзейнічаць у існуючай абстаноўцы. Сам кіраўнік дзяржавы свой прывычны графік не мяняў. "Не правяраўся я на каранавірус, але сачу за сваім станам здароўя. Не мяняю стыль жыцця. І на трэніроўках, і фізічных нагрузак дабавіў. Але цяпер зразумеў, што не трэба, напэўна, у гэтай сітуацыі, калі мы праходзім пік вірусных захворванняў, фізічна грузіць арганізм", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў Беларусі на гэты момант толькі адзінкавыя выпадкі смерці ад пнеўманіі, дзе каранавірус даў ускладненне на фоне іншых сур'ёзных праблем са здароўем. "У нас іх усяго чацвёра, памерлых ад пнеўманіі, дзе ўскладненні даў каранавірус. Мы яшчэ ўдакладняем па чацвёртай смерці, ці быў там каранавірус, - паведаміў ён. - Любы вірус ускладніць хранічныя захворванні".

Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што ў Беларусі нічога не ўтойваюць, паколькі смерць чалавека ў прынцыпе немагчыма ўтаіць. Больш таго, у цэлым па смяротнасці ў Беларусі ў бягучым годзе дынаміка лепшая ў параўнанні з аналагічнымі перыядамі мінулых гадоў, у бліжэйшы час плануецца абнародаваць падрабязную статыстыку, атрыманую з органаў ЗАГС. "У аўторак у нас нарада па шэрагу пытанняў. Я падрыхтую інфармацыю, усю статыстыку поўнасцю. Мы нічога абсалютна не ўтойваем", - дадаў ён.

"Пачынаюць гвалтам крычаць, што ў Беларусі нешта ўтойваюць і не працуюць па вірусе. СААЗ нам рэкамендуе (Качанава ўчора па маім даручэнні размаўляла) змагацца ачагова, кропкава, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Гэта значыць мы, калі бачым ачаг, кідаемся на яго і пачынаем лячыць гэтага чалавека і тых, хто быў вакол. Ніхто так у свеце не працуе. Яны ідуць фронтам. Акружылі горад - ні ўехаць, ні выехаць, і ўсіх у дамах закрылі".

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што ў Беларусі няма той сітуацыі, каб прымаць такія меры. "І дай бог, каб гэтай сітуацыі ў нас не было", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт яшчэ раз пацвердзіў свой тэзіс аб тым, што масавая ізаляцыя ў кватэрах, наадварот, можа садзейнічаць пагаршэнню стану для тых, хто ўжо заразіўся тым ці іншым вірусам. "Гэта не праблема. Мы за суткі нейтралізуем горад (калі гэта спатрэбіцца. - Заўвага БЕЛТА). Але чаго гэта будзе каштаваць і колькі будзе тады смярцей? Мы потым ужо будзем выхватваць з кватэр людзей, якія будуць цяжкія, і адразу іх на штучную вентыляцыю лёгкіх. І што, мы выратуем гэтых людзей? Таму не трэба дурасцю займацца. Нас жа заўсёды вучылі: трэба, каб праветранае памяшканне было, на свежым паветры і іншае", - упэўнены кіраўнік дзяржавы.

"Калі ўжо настане такі момант, калі нам трэба недзе тушыць пажар, мы яго будзем тушыць. І прытым значна больш эфектыўна, чым літоўскі Прэзідэнт (Гітанас Наўседа. - Заўвага БЕЛТА). Ён стаў клапаціцца пра беларускі вірус... Сваім вірусам займіся, у цябе там шмат пытанняў. Ён яшчэ папракае, што, напэўна, беларусы не аб усім інфармуюць", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што з усіх, хто знаходзіцца на лячэнні ад каранавіруса ў бальніцах, толькі нямногія на штучнай вентыляцыі лёгкіх. "У нас каля 3 тыс. апаратаў ШВЛ. Плюс наркозныя можна выкарыстоўваць у крайнім выпадку", - прывёў ён даныя.

"Дык чаго нам цяпер ізаляваць людзей? Іх трэба засцерагчы ад небяспекі, што абавязана зрабіць сістэма аховы здароўя, урачы павінны лячыць людзей (гэта маё строгае патрабаванне), а не хадзіць і закрываць установы, нешта адмяняць. Гэта справа ўлады. Ты прыйдзі, дакажы, што гэта патрэбна, а ўлада прыме рашэнне", - падкрэсліў беларускі лідар.

Пры гэтым ён заклікаў урачоў выконваць неабходныя меры засцярогі пры кантакце з патэнцыяльна хворымі і пацыентамі, каб самім не стаць носьбітамі віруса.

Прэзідэнт адзначыў, што міністр аховы здароўя са спецыялістамі выязджалі ў Віцебскую вобласць. "За трое сутак узялі пад кантроль сітуацыю. Сёння мне ўжо дакладваюць: у іх (мы ж кантралюем агульную захваральнасць, я гаварыў, што мы на піку знаходзімся) захваральнасць знізілася. Я малю бога, каб і мы як цяпер прайшлі хаця б да Вялікадня гэты пік. І дай бог, каб удалося знізіць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама яшчэ раз выказаў удзячнасць у адрас урачоў за паспяховыя падыходы да лячэння вірусных захворванняў. "Сказаць, што ў Беларусі ўсё ціха і спакойна - глупства поўнае. Проста мы не панікуем. Займаемся кожны сваёй справай. Не вырашаем праз каранавірус ніякіх палітычных пытанняў, хоць у нас палітычны год", - заўважыў ён.

"Калі ўжо шчыра, я сёння мог бы ўвесці надзвычайнае становішча - патрулі па вуліцах, усе сядзяць (дома. - Заўвага БЕЛТА), - і паказаць перад прэзідэнцкімі выбарамі, які я круты, што я магу ўсё ўзяць пад кантроль, - сказаў Прэзідэнт. - Не дай бог, каб нам рэальна давялося жыць у такой сітуацыі, калі давядзецца абмяжоўваць чалавеку магчымасць хадзіць па вуліцах, вывесці сваё дзіця куды-небудзь. І я ў гэтыя гульні гуляць не хачу. Мы будзем змагацца з любой хваробай. Я не вылучаю таму каранавірус".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі