Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
29 сакавіка 2021, 10:58

Лукашэнка: вельмі ўжо хочацца розным сілам, перш за ўсё звонку, абвастрыць у Беларусі абстаноўку

29 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Розным сілам, перш за ўсё звонку, вельмі хочацца абвастрыць у Беларусі абстаноўку. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе па пытанні стану грамадска-палітычнай абстаноўкі ў краіне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што запрасіў на нараду сілавы блок Савета бяспекі, каб абмеркаваць акрэсленую тэматыку перш за ўсё з пазіцыі таго, якім чынам дзейнічаць далей, ажыццяўляючы ўнутраную і знешнюю бяспеку, што трэба зрабіць зыходзячы са зменлівай абстаноўкі. "Я ўжо не аднойчы гаварыў аб тым, што спакойнага жыцця ў нас не будзе. Яно можа быць спакойным, можа быць больш вострая сітуацыя, але абсалютнага спакою ў краіне ніколі не будзе. Таму што вельмі ўжо хочацца розным сілам, перш за ўсё звонку, абвастрыць тут абстаноўку", - сказаў Прэзідэнт.

"Вы бачыце, што памяняліся рэжысёры за мяжой. Ужо некаторыя там каналы, якія раней вадзілі па Мінску пратэстуноў, ад гэтага адмовіліся. З'явіліся больш радыкальныя, тыпу BYPOL, дзе паўтара-два дзясяткі былых нібыта ваеннаслужачых. Цяжка іх, вядома, назваць ваеннаслужачымі. Вы бачыце гэтыя заклікі да радыкалізацыі", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка папрасіў міністра абароны коратка далажыць аб сітуацыі на знешніх граніцах Беларусі, а старшыню КДБ і кіраўніка МУС - аб сітуацыі ўнутры краіны і перспектывах яе развіцця.

Гаворачы аб перспектывах і прагнозах развіцця сітуацыі, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на важнасць ажыццяўлення і эканамічнай бяспекі краіны. "Мы жывём не ў закрытым свеце. І сваю ўнутраную, эканамічную перш за ўсё, бяспеку мы павінны забяспечыць самі. Нам абсалютна няма на каго спадзявацца", - падкрэсліў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі