Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
30 снежня 2020, 12:43

Лукашэнка ўручыў узнагароды праваахоўнікам і ваенным

30 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў сёння дзяржаўныя ўзнагароды супрацоўнікам праваахоўных органаў і ваеннаслужачым. Цырымонія адбылася ў час наведвання кіраўніком дзяржавы атрада міліцыі асобага прызначэння ГУУС Мінскага гарвыканкама, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У апошнія дні адыходзячага года попыт на Прэзідэнта, як я кажу, велізарны. Але пры ўсіх затратах часу я не мог не прыехаць да вас, - заявіў Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі. - Сёння ў страі я бачу сапраўдных патрыётаў нашай Радзімы, людзей абавязку, гонару і сумлення".

Прэзідэнт падзякаваў праваахоўнікам і ваенным за мужнасць і стойкасць, вернасць прысязе і свайму народу. "Гэта не проста словы. Для кожнага з вас гэта надзейны арыенцір, які вызначае справы і ўчынкі", - падкрэсліў ён.

Узнагароды атрымалі прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства абароны, Камітэта дзяржаўнай бяспекі, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, Службы бяспекі Прэзідэнта.

Сярод узнагароджаных - намеснік міністра ўнутраных спраў - начальнік крымінальнай міліцыі Генадзь Казакевіч, намеснік міністра ўнутраных спраў - камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў, камандзір спецыяльнага атрада хуткага рэагавання ўнутраных войскаў МУС Аляксандр Быкаў, камандзір АМАПа ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрый Балаба, камандзір АМАПа УУС Гродзенскага аблвыканкама Віктар Краўцэвіч, камандзір АМАПа УУС Брэсцкага аблвыканкама Максім Міховіч.

Узнагарод таксама ўдастоены камандзір 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады Аляксей Ялфімаў, камандзір 38-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады Аляксандр Ільюкевіч, камандзір 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння Дзмітрый Кучук, начальнік Асобнай службы актыўных мерапрыемстваў пагранічнай службы Ігар Кручкоў.

Пасля цырымоніі ўручэння ўзнагарод Аляксандр Лукашэнка наведаў размяшчэнне атрада міліцыі асобага прызначэння, дзе азнаёміўся з рознымі варыянтамі экіпіроўкі праваахоўнікаў і бытавымі ўмовамі супрацоўнікаў груп хуткага рэагавання.

Камандзір Мінскага АМАПа Дзмітрый Балаба далажыў Прэзідэнту аб удасканаленні матэрыяльна-тэхнічнай базы атрада і будаўніцтве новых аб'ектаў, у прыватнасці, спартыўна-тактычнага комплексу з цірам для забеспячэння вучэбна-трэніровачнага працэсу.

У будынку штаба кіраўнік дзяржавы наведаў пакой баявой славы атрада. Тут яму расказалі пра гісторыю фарміравання падраздзялення, і Прэзідэнт пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей.

Першы ў Беларусі атрад міліцыі асобага прызначэння - мінскі АМАП - быў створаны ў лістападзе 1988 года. Пазней падобныя падраздзяленні былі сфарміраваны ва ўсіх абласных цэнтрах краіны.

Асноўныя задачы АМАПа ГУУС Мінскага гарвыканкама - сілавая падтрымка спецаперацый па затрыманні асоб, якія ўчынілі або падазраюцца ва ўчыненні цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, забеспячэнне грамадскай бяспекі пры правядзенні масавых мерапрыемстваў, узнікненні надзвычайных сітуацый крымінагеннага, прыроднага і тэхнагеннага характару, спыненне групавых парушэнняў грамадскага парадку і масавых беспарадкаў. Байцы АМАПа таксама могуць прыцягвацца да контртэрарыстычных аперацый, ліквідацыі надзвычайных здарэнняў, звязаных з захопам заложнікаў, транспартных сродкаў, будынкаў і збудаванняў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі