23 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў першыя Дзяржаўныя знакі якасці прадстаўнікам прадпрыемстваў, прадукцыя якіх удастоена гэтай высокай ацэнкі.
Указ аб заснаванні Дзяржаўнага знака якасці Прэзідэнт падпісаў у студзені 2024 года. Знак уяўляе сабой пяцівугольнік чырвонага колеру, у цэнтры якога размешчана стылізаваная выява перавернутай літары "К" і надпіс "Беларусь". Пяць вуглоў знака сімвалізуюць якасць беларускай прадукцыі, якая дасягаецца спалучэннем пяці паказчыкаў вытворчасці: бяспекі, экалагічнасці, інавацыйнасці, тэхналагічнасці і эстэтычнасці.
Кіраўнік дзяржавы на цырымоніі ўручэння Дзяржаўных знакаў якасці падкрэсліў, што любая суверэнная незалежная дзяржава, якая сябе такой лічыць, павінна мець свае сур'ёзныя традыцыі, якія ўкараніліся ў свядомасці людзей. "І я вельмі спадзяюся, што сённяшні знакавы дзень ва ўсіх сэнсах стане такой традыцыяй", - сказаў ён.
Што датычыцца ўладальнікаў найвышэйшай узнагароды, то гэта вядомыя ўсім маркі, пра якія з гонарам кажуць: "Зроблена ў Беларусi". "Яны прайшлі жорсткі адбор на адпаведнасць крытэрыям інавацыйнасці, тэхналагічнасці, бяспекі і шэрагу іншых. У лінейцы пераможцаў нашы знакамітыя аўтатэхніка і прадукты, якія палюбіліся мільёнам людзей на розных кантынентах", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што гэты поспех склаўся з намаганняў соцень і тысяч людзей. "Усім вам - вялікі дзякуй. Вы сапраўды героі сённяшняга дня, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Кожны з вас ведае, што перамога дасталася не дзякуючы раптоўнаму шанцаванню або траплянню ў скарацечны трэнд. Гэта вынік упартай і адказнай працы, настойлівасці і адданасці справе, дысцыпліны і імкнення быць лепшымі за іншых і нават лепшымі за сябе ўчарашніх. Такіх добрасумленных вытворцаў, як вы, мы будзем заўсёды падтрымліваць".
У групе прадукцыі вытворча-тэхнічнага прызначэння Дзяржаўны знак якасці прысвоены кар'ерным самазвалам "БЕЛАЗ-7513"; трактару BELARUS-1222.3; аўтамабільнаму шасі МАЗ-631228-8575-012; жняярцы для збожжавых культур ЖЗК-9-2 (камплектацыя 01) вытворчасці Гомельскага завода ліцця і нармалей; легкавым шынам 215/60R17 мадэль BEL-402 96H, 225/65R17 мадэль BEL-411 102H (ААТ "Белшына"); мікрасхеме рэгулюемага стабілітрона К1242EP1БП (IL431АМ-1) вытворчасці ААТ "ІНТЭГРАЛ".
Дзяржаўны знак якасці таксама прысвоены групе прамысловых тавараў для насельніцтва. Гэта льняныя камплекты пасцельнай бялізны гандлёвай маркі "Поле кветак", артыкул 24С7 (РУП "Аршанскі льнокамбінат"); ламінаванае падлогавае пакрыццё VIVAFLOOR (ААТ "Гомельдрэў"); серыя вырабаў мэблі "Алезі" П1.350 (мэбля для спальні) вытворчасці "Пінскдрэў"; эмаль ПФ-115 (ААТ "Лакафарба").
Адзначаны знакам якасці і харчовыя тавары: лінейка чорнага горкага шакаладу без дабаўлення цукру (СААТ "Камунарка"); згушчанае малако з масавай доляй тлушчу 8,5 працэнта (ААТ "Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат"); пшанічная мука вышэйшага гатунку марак M54-28 і М54-25 (ААТ "Лідахлебапрадукт"); лініі прадуктаў "Мясныя падушачкі" (ААТ "Брэсцкі мясакамбінат"), сухія малочныя сумесі для харчавання дзяцей ранняга ўзросту BELLAKT PREMIUM 1 і BELLAKT PREMIUM 2; сыр цвёрды "Брэст-Літоўск вытрыманы" з масавай доляй тлушчу ў сухім рэчыве 45 працэнтаў (ААТ "Савушкін прадукт"); хлеб "Каравай Прыдзвіння" (ААТ "Віцебскхлебпрам").
Пастанова аб прысваенні прадукцыі Дзяржаўнага знака якасці была прынята Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.
"Я яшчэ раз віншую вас. Вы першыя і адзіныя. І іншых не будзе. Да вас будзе прыкавана самая сур'ёзная ўвага. Вас нехта будзе падтрымліваць, хваліць, нехта будзе моцна лаяць. Але вы першыя, вы на вачах ва ўсіх, - адзначыў на завяршэнне цырымоніі кіраўнік дзяржавы. - Вы будзеце героямі не толькі сённяшняга дня, але, можа, нават цэлы год. Мы на вас будзем раўняцца. І на Мінскай міжнароднай выстаўцы для вас будзе адведзена цэнтральнае месца".
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што, стаўшы першымі, утрымаць гэты ўзровень будзе няпроста. "Але я ведаю - вы ўтрымаецеся. І не проста ўтрымаецеся, а створыце новыя інавацыйныя прадукты, тавары, якія будуць канкурыраваць на міжнародных рынках. І мне ніколі не будзе за вас сорамна, прадстаўляючы і прадаючы вашы тавары ў іншых дзяржавах", - упэўнены Прэзідэнт.
Ён пажадаў усім здароўя і радасці, заўсёды эмацыянальна адчуваць сябе на ўздыме.-0-