ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Пятніца, 29 верасня 2023
Мінск Малавоблачна +17°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
14 красавіка 2023, 12:11

Лукашэнка ўручыў дзяржузнагароды суддзям Вярхоўнага Суда

14 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды 12 суддзям Вярхоўнага Суда. Урачыстая цырымонія адбылася ў Палацы Незалежнасці напярэдадні знамянальнай для ўсёй судовай сістэмы даты - векавога юбілею Вярхоўнага Суда, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што 100-гадовая гісторыя станаўлення і развіцця вышэйшага судовага органа Беларусі багатая на падзеі: "Яна беражліва захоўвае памяць аб кіраўніках, суддзях Вярхоўнага Суда і многіх іншых яго работніках, якія аддалі ўсе сілы і веды служэнню закону. Некаторыя з іх не толькі вяршылі правасуддзе, але і ў гады Вялікай Айчыннай вайны са зброяй у руках абаранялі сваю Радзіму ад фашысцкай навалы".

"Вопыт, веды, грамадзянская мужнасць і адказнасць вашых папярэднікаў заўсёды дапамагалі нашай краіне правільна выбіраць шлях свайго развіцця", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, судовая сістэма краіны не раз перажывала змяненні. "Але глабальныя пераўтварэнні ў яе ўмацаванні звязаны з набыццём нашай краінай дзяржаўнага суверэнітэту. Многія з прысутных тут суддзяў былі ўдзельнікамі гэтага працэсу рэфармавання", - сказаў Прэзідэнт.

Судовая галіна ўлады ў яе цяперашнім абліччы сфарміравалася структурна і функцыянальна, канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Створана таксама адзіная сістэма судоў агульнай юрысдыкцыі пад кіраўніцтвам Вярхоўнага Суда. Надзяленне судоў паўнамоцтвамі па судовым адміністраванні і матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні замацавала іх самастойнасць.

"Дзяржава ўдзяляе сур'ёзную ўвагу судовай сістэме, зацікаўлена ў яе пастаянным развіцці, адзначае ўсе дасягненні і поспехі судзейскага корпуса, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Узнагароджанне шэрага суддзяў высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі з'яўляецца не толькі асаблівай прыкметай і павагай асабістых заслуг. Гэта ацэнка дзейнасці вашай прафесійнай супольнасці".

Заслужаныя ўзнагароды кіраўнік дзяржавы ўручыў сёння адным з лепшых суддзяў Вярхоўнага Суда - тым, хто садзейнічаў умацаванню судовай сістэмы, дзякуючы каму беларускае правасуддзе прадаўжае дынамічна развівацца.

Прэзідэнт уручыў суддзям Таццяне Праташчык, Валянціне Крывой, Ганне Сакалоўскай, Ірыне Тылец, Іне Цысік і Аляксею Цяцюхіну медаль "За працоўныя заслугі", Пятру Лістраценку, Аляксею Рыбакову і Андрэю Яфрэмаву - "За бездакорную службу" ІІІ ступені. Званне заслужанага юрыста Беларусі прысвоена суддзі Вярхоўнага Суда Валянціне Кулік. Суддзям Андрэю Алешчанку і Фёдару Чубкаўцу ўручана Падзяка Прэзідэнта Беларусі.

"Я абсалютна ўпэўнены, што і ў далейшым вы будзеце абараняць сваю краіну, сваю Радзіму, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Ад усёй душы жадаю вам здароўя, міру, дабрабыту, далейшых поспехаў у вашай няпростай прафесійнай дзейнасці".

У слове ў адказ Валянціна Кулік сказала, што лічыць прысвоенае званне заслужанага юрыста вышэйшай узнагародай у сваёй прафесіі. "Я вельмі ўдзячная за тое, што мая праца, прафесійная дзейнасць, служэнне правасуддзю так высока ацэнены дзяржавай. Я лічу, што для чалавека вельмі важна выбраць свой жыццёвы шлях і прафесію. Я шчаслівая, што ў сваім выбары не памылілася. Я люблю справу, якой служу, і вельмі ўдзячная, што на маім жыццёвым шляху сустракаліся цудоўныя людзі, юрысты, суддзі, якія вучылі мяне служыць закону, сваёй краіне і людзям, вучылі мяне разумець дух і літару закону, вучылі шукаць ісціну і адчуваць справядлівасць. А галоўнае, яны вучылі мяне любіць сваю справу, краіну і людзей. Гэта не проста высокія словы, паколькі без гэтага пачуцця, я лічу, няма сапраўднага суддзі". Судзейскія абыякавасць, памылкі або непрафесіяналізм вельмі дорага каштуюць грамадству ў цэлым і канкрэтным людзям у прыватнасці, звярнула ўвагу Валянціна Кулік.

"Кажуць, што Вярхоўны Суд - гэта група юрыстаў, якія выпраўляюць памылкі іншых судоў і ўвекавечваюць свае ўласныя. Я хачу сказаць вам, Аляксандр Рыгоравіч, што мы, уся каманда Вярхоўнага Суда, пастараемся не дапускаць такіх памылак, а галоўнае - як і раней, служыць людзям і сваёй краіне", - запэўніла яна.

У сваю чаргу старшыня Вярхоўнага Суда Валянцін Сукала падкрэсліў, што ўсе суддзі краіны вельмі ўдзячныя за тую ўвагу, якую Прэзідэнт пастаянна ўдзяляе судовай сістэме.

"Ваша стаўленне - яно па-дзяржаўнаму строгае і патрабавальнае, але яно і ўважлівае, чулае і, магчыма, па-бацькоўску клапатлівае", - сказаў кіраўнік суда. Паводле яго слоў, многія замежныя калегі, якія наведвалі Вярхоўны Суд, знаёміліся з яго работай, па-добраму зайздросцяць, бо размешчаны ў Мінску Палац правасуддзя лічыцца адным з лепшых у Еўропе. "Яны зайздросцяць той увазе, стаўленню, якія вы, як кіраўнік дзяржавы, удзяляеце нам", - сказаў старшыня ВС.

"У самыя складаныя, цяжкія, пераломныя моманты станаўлення беларускага правасуддзя, суддзі звярталіся да вас і заўсёды атрымлівалі добрую параду, падтрымку, разуменне, а, калі трэба, то і абарону, - звярнуўся да Прэзідэнта Валянцін Сукала. - І кожны новы этап судовага будаўніцтва сёння канцэптуальна абмяркоўваецца вамі з удзелам судзейскай супольнасці, да погляду якой вы заўсёды прыслухоўваецеся. Таму ў нашай краіне і створана такая сучасная, вельмі ўстойлівая, зразумелая судовая сістэма, здольная вытрымаць усе сучасныя выклікі, пагрозы, якая забяспечвае судовую абарону правоў нашых грамадзян і дастойны ўзровень грамадскага правапарадку".

Старшыня ВС запэўніў, што ўвесь судзейскі корпус правільна разумее задачы, якія стаяць перад ім, усведамляе ўзровень сваёй адказнасці і гатовы зрабіць усё, каб у далейшым забяспечыць правапарадак, законнасць, справядлівасць у краіне. З нагоды юбілейнай даты Валянцін Сукала перадаў у падарунак кіраўніку дзяржавы эксклюзіўны экзэмпляр спецыяльнага выдання, прысвечанага гісторыі беларускага правасуддзя.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі