6 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з эканамічным блокам урада звярнуў увагу на праблему падаражання не толькі імпартных, але і айчынных тавараў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы ўказаў на факты неабгрунтаванага павышэння цэн вытворцамі прадукцыі.
"Можна часткова зразумець рост цэн на імпартныя тавары. Але чаму мы назіраем пастаяннае павышэнне кошту таго, што вырабляем самі з айчыннай сыравіны? - задаў слушнае пытанне Прэзідэнт. - Цэны на сыравіну не выраслі, на паліва і іншае, што мы заўсёды стагналі (рост цэн на нафту, на газ і гэтак далей), таксама не выраслі".
Прадаўжаючы тэму, Прэзідэнт канстатаваў, што харчовыя тавары падаражэлі амаль на 13 працэнтаў з пачатку года. Цэны растуць нават на пазіцыі штодзённага попыту, кантроль за якімі самы жорсткі з боку дэпутатаў, прафсаюзаў і КДК. "Я вымушаны ўмешвацца ў сітуацыю. Ужо відавочна, што ўрад, прафсаюзы, аблвыканкамы і Мінгарвыканкам, дэпутаты, Камітэт дзяржкантролю не спраўляюцца з узрастаючым валам цэн", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, не апошняя роля ў пытанні цэнаўтварэння ў Нацыянальнага банка. "Імпарцёры чамусьці ўпарта прадаўжаюць закладваць у цану тавару курсавыя рызыкі, хоць курс беларускага рубля стабільны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Аднак яго намаганні па стрымліванні курса беларускага рубля кіраўнік дзяржавы лічыць недастатковымі. "Курсавы фактар націскае на цану тавараў, якія мы вымушаны імпартаваць. Дык рэгулюйце!" - заявіў беларускі лідар.
"Павінна быць уведзена адказнасць за абгрунтаванасць цэн імпарту і наладжана сістэма (кантролю. - Заўвага БЕЛТА). І гэта сістэма павінна быць падкантрольная", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Асаблівую ўвагу, паводле яго слоў, трэба ўдзяліць крытычнаму імпарту. "Хто стаіць за гэтымі пастаўкамі, па якіх цэнах ажыццяўляецца ўвоз тавараў і які іх кошт у канчатковым выніку на паліцы магазінаў? Тут трэба пільна паглядзець на імпарцёраў і выключыць спекуляцыі на рынку імпартных тавараў", - сказаў беларускі лідар.-0-