Сцяг Пятніца, 24 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
19 снежня 2022, 17:24

Лукашэнка: умацаванне беларуска-расійскіх сувязей стала зразумелым адказам на зменлівую сітуацыю ў свеце

19 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Умацаванне беларуска-расійскіх сувязей стала зразумелым адказам на зменлівую сітуацыю ў свеце. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на перагаворах у Мінску з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы прывітаў усіх расійскіх калег у гасціннай беларускай сталіцы. "З прычыны абставін вы не былі ў нас даволі даўно. У гэтым складзе. А наогул міністр з міністрам часта сустракаюцца. Але вы заўсёды з'яўляецеся для нас жаданымі гасцямі. Перапынак у візітах у Мінск зусім не перашкаджаў нам быць у пастаянным кантакце. Нават заходнія нашы так званыя партнёры вельмі непакоіліся, што мы часам вельмі часта сустракаемся. Мы рэгулярна сустракаліся як у Расійскай Федэрацыі, так і на міжнародных пляцоўках", - сказаў беларускі лідар, звяртаючыся да Уладзіміра Пуціна.

Ён адзначыў, што таксама інтэнсіўна працуюць урады дзвюх краін, шмат сустрэч праходзіць на ўзроўні рэгіёнаў і прадпрыемстваў. Пацвярджэнне таго - стабільны рост гандлю, вырашэнне многіх пытанняў, якія раней перашкаджалі супрацоўніцтву.

"Умацаванне беларуска-расійскіх сувязей стала зразумелым адказам на зменлівую сітуацыю ў свеце, у якой нас пастаянна правяралі і правяраюць на трываласць. Лічу, што, нягледзячы на некаторыя шурпатасці, мы ўсё ж знаходзім эфектыўныя адказы на розныя выклікі і пагрозы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, лёсавызначальныя рашэнні аб больш цеснай інтэграцыі Беларусі і Расіі зноў дэманструюць усяму свету, што толькі разам можна пераадолець любыя пандэміі, крызісы або санкцыі.

Цікава, што перагаворы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна адразу пачаліся з пашыранага складу ў прысутнасці членаў дэлегацый. Пры гэтым лідары краін размясціліся не адзін насупраць аднаго, як гэта звычайна адбываецца ў ходзе такіх перагавораў, а побач. У гэтым асаблівы сімвалізм, падкрэслена дружалюбны і саюзніцкі характар беларуска-расійскіх адносін.

У Беларусь прыбыла прадстаўнічая дэлегацыя высокапастаўленых расійскіх чыноўнікаў. У яе складзе віцэ-прэм'ер Аляксей Авярчук, памочнік Прэзідэнта Расіі Юрый Ушакоў, кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў і міністр абароны Сяргей Шайгу, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта і прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў, міністр энергетыкі Мікалай Шульгінаў, дырэктар Федэральнай службы па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве Дзмітрый Шугаеў, генеральныя дырэктары "Раскосмасу" і "Расатама" Юрый Барысаў і Аляксей Ліхачоў, намеснік міністра фінансаў Аляксей Сазонаў.

З боку беларускага ўрада ў перагаворах удзельнічаюць прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка і першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў, кіраўнікі МЗС, Мінабароны, Мінпрама, Міністэрства транспарту і камунікацый, Мінфіна, Мінэнерга, старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта і старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта.

У складзе дэлегацый з абодвух бакоў таксама паслы ў Маскве і Мінску Дзмітрый Крутой і Барыс Грызлоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі