Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
20 красавіка 2021, 14:35

Лукашэнка - Украіне: нам не трэба нацягваць адносіны ў гандлі, гэта база, аснова

20 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што спакойнае развіццё гандлёва-эканамічных адносін з Украінай важна для абодвух бакоў. Аб гэтым ён сказаў сёння на сустрэчы з народным дэпутатам Вярхоўнай рады Украіны Яўгенам Шаўчэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У гандлі з Украінай пад $5 млрд тавараабарот. І вы ж ведаеце, што мы ніколі, нават у гэтай сітуацыі, не рабілі дрэнна для Украіны. Усё, што Украіна прасіла, пачынаючы ад электрычнасці, калі была праблема. Гэта было маё асабістае распараджэнне - перадаць электраэнергіі столькі, колькі патрэбна Украіне", - адзначыў беларускі лідар.

Ён нагадаў і аб просьбе Прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага год таму дапамагчы з забеспячэннем палівам пасяўных работ ва Украіне. Пры неабходнасці Беларусь гатова і ў далейшым аказваць дапамогу сваёй украінскай суседцы. "Тэлефанаваў раней Зяленскі. У яго ішла пасяўная кампанія, спынілася тэхніка - паліва няма. Мы паздымалі паліва са сваіх прадпрыемстваў, перакінулі ў мінулым годзе на пасяўную ўкраінцам, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы дапамагаем суседнім украінскім абласцям. Цяпер менш - граніцу пазакрывалі. Але дапамагаем. Раней наогул перакідвалі тэхніку і сеялі, і ўбіралі суседзям. Гатовы і цяпер гэта рабіць, калі ў нас нейкія ёсць магчымасці".

"Але што мяне насцярожвае - вось гэтыя розныя антыдэмпінгавыя разборкі. Нехта пралабіраваў, некаму не падабаецца, - заўважыў Прэзідэнт. - Нехта там з украінскіх кампаніў шапнуў ва ўрадзе: "Там у Беларусі сябе не так паводзяць, давайце закрыем". Разумееце, мы на гэта не адказвалі. Фактычна наклалі забарону на тавары прыкладна на $300 млн. Ну а калі мы закрыем для Украіны некаторыя пазіцыі і рэчы? Вы ж разумееце, што Еўрасаюз у вас усё не возьме і нават не возьме тое, што паабяцаў. Ён дае вам квоты, якія вы выбіраеце літаральна за першы квартал - гадавую квоту. Гэта мне Зяленскі расказваў. Ну дык а што далей?"

"Таму я думаю, што вы як чалавек, знаёмы з бізнесам, разумееце, што нам не трэба нацягваць адносіны ў гандлі. Таму што гэта база, аснова. Калі не будзе тавараабароту (ён у нас больш-менш збалансаваны), ну дык якія тады могуць быць адносіны ў іншых сферах", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў шкадаванне наконт сарванага ў мінулым годзе Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які планавалася правесці ў Гродне: "Навошта гэта трэба было рабіць?"

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу, што на ўзроўні ўрадаў дзвюх краін часам усё не вырашыш і вельмі важна міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне для аператыўнага вырашэння тых ці іншых пытанняў. "Вось цяпер ёсць запатрабаванне на пастаўку ва Украіну сухога малака. Якія праблемы? Не трэба тут у Мінску нічога вырашаць. Вам вырашаць гэта ў Гомелі, Брэсце... Але сарвалі гэты Форум рэгіёнаў. Каму гэта выгадна? Нікому", - сказаў ён.-0-

Аляксандр Лукашэнка
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі