Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
09 ліпеня 2022, 22:40

Лукашэнка - удзельнікам "Купалля": жывіце багата, любіце блізкіх і Беларусь

9 ліпеня, Шклоўскі раён /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на свяце "Купалле. Александрыя збірае сяброў" выказаў пажаданне ўсім удзельнікам свята жыць шчасліва і багата, любіць блізкіх і сваю родную Беларусь, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што менавіта на такім свяце добра разумееш, чаму для жыхароў Александрыі і наваколля дні Купалля - адны з самых доўгачаканых у годзе: "Да іх рыхтуюцца шмат месяцаў, каб усё атрымалася на славу. Людзі чакаюць самых дарагіх і блізкіх сяброў".

Прэзідэнт выказаў глыбокую ўдзячнасць усім арганізатарам свята: "Я заўважыў, што з году ў год яно становіцца ўсё прыгажэйшым і прыгажэйшым. І гэта дзякуючы тым, хто ў гэты бераг старажытнага Дняпра ўклаў сваю душу. Вялікі дзякуй вам, арганізатарам і ўдзельнікам мерапрыемстваў Александрыі".

Словы падзякі беларускі лідар адрасаваў таксама гледачам свята: "Гэта зала пад зорным ліпеньскім небам не ўмяшчае ўсіх жадаючых. Але мільёны, мільёны беларусаў, нашых родных, блізкіх, суседзяў убачаць сёння і ў наступныя дні нас у іншых сродках масавай інфармацыі і па тэлебачанні. Так многа людзей, якія праводзяць выхадныя са сваімі шматлікімі сябрамі тут, у Александрыі, рэдка знойдзеш на якім-небудзь іншым свяце. Душэўнай атмасферы і пачуцця адзінства тут заўсёды з лішкам хапае на ўсіх нашых сяброў. Дзякуй, што мы разам зноў акунаемся ў купальскую казку. Добрую, вясёлую і абавязкова са шчаслівым фіналам. Шчасця нам сёння, паверце, так не хапае. Хацелася б больш, а наогул шмат яго і не бывае".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за год, які мінуў з папярэдняга свята, адбылося столькі ўсяго новага, нечаканага, прыемнага і зусім непрыемнага. "Асабліва ў роднай нашай Украіне. Вы бачыце, што адбываецца і што там робіцца. І кожны дзень прыносіць розныя навіны адтуль: і радасныя, але больш за ўсё - сумныя. Але гэты сівавалосы Днепр, які аб'яднаў нашы славянскія народы, я ўпэўнены, у бліжэйшы час убачыць тут, на гэтым беразе, і нашых украінскіх сяброў. Мы, расіяне і беларусы, з задавальненнем гатовы іх убачыць на нашым свяце", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Дарагія сябры! Будзьце здаровыя і шчаслівыя, жывіце багата, любіце блізкіх і сваю родную Беларусь", - пажадаў на заканчэнне Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі