
14 сакавіка, Масква /Кар. БЕЛТА/. У свеце лічацца толькі з моцнымі, таму Беларусь і Расія дамовіліся разам абараняць агульную Айчыну. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 14 сакавіка ў сваім выступленні ў Савеце Федэрацыі ў ходзе афіцыйнага візіту ў Расію, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў свеце лічацца толькі з эканамічна моцнымі дзяржавамі і саюзамі. І вопыт Савецкага Саюза гэта пацвердзіў. "Будзем па адным - з намі цырымоніцца не стануць", - папярэдзіў ён.
"Таму мы з Прэзідэнтам Расіі дамовіліся разам абараняць нашу агульную Айчыну, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён нагадаў, што з прычыны гістарычных акалічнасцей на месцы гэтай некалі адзінай Айчыны ўтварылася мноства дзяржаў - распаўся Савецкі Саюз. І пасля, пры фарміраванні Саюза Беларусі і Расіі, многія па прывычцы параўноўвалі гэта аб'яднанне з ранейшым, Савецкім Саюзам, і задаваліся пытаннямі, калі адбудзецца зліццё ў той ці іншай сферы. І такі падыход быў у корані няправільным. "Усе падыходзілі па-даўнейшаму - і ў Расіі, і ў Беларусі: "Вось, Саюзная дзяржава, дзе яна, што зрабілі, калі будзе тое, гэта?" А што вы хочаце? Калі будзе што? Калі Расія ўвойдзе ў склад Беларусі ці, наадварот, Беларусь увойдзе ў склад Расіі? Гэта наўрад ці будзе ў бліжэйшы час. І калі мы будзем у гэтым плане ламацца ў адкрытыя дзверы, мы загубім усё, што зрабілі. Трэба ісці спакойна, крок за крокам нешта рэалізоўваць, як мы робім цяпер", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт у сувязі з гэтым таксама згадаў пра адзіную валюту. Такая прапанова абмяркоўвалася ў свой час і была адхілена ў першую чаргу Цэнтрабанкам Расіі. Аналагічная сітуацыя складвалася, напрыклад, з ідэямі па стварэнні адзінага парламента.
"З гэтымі клішэ нельга падыходзіць да сённяшняй сітуацыі. Ні ў якім разе. Мы ўпусцілі той момант, калі гэта можна было зрабіць", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што пры прыняцці тых ці іншых рашэнняў у сферы інтэграцыі з Расіяй абапіраўся на рашэнні рэферэндумаў, дзе беларусы выказваліся ў падтрымку ўмацавання адносін. Аднак тады ў Расіі былі апасенні з боку асобных груп, што "Лукашэнка прыйдзе, уладу схопіць, шапку Манамаха забярэ", хоць тагачасны Прэзідэнт Барыс Ельцын цвёрда стаяў на развіцці саюзніцкіх адносін. "Чагосьці думалі, думалі і страцілі час. Прыйшло новае пакаленне, - заўважыў кіраўнік дзяржавы. - Новыя пакаленні жывуць у незалежных, суверэнных дзяржавах".


Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што беларусы былі вельмі паслядоўнымі ў выбудоўванні саюзніцкіх адносін з Расіяй. І на гэтым шляху давялося пераадольваць вельмі сур'ёзныя нацыяналістычныя настроі, якія падаграваліся збоку. "Мы праводзілі тую палітыку, якая патрэбна, як нам здавалася, была для нашага народа. Мы ішлі ад зямлі. Часам - па тонкім лёдзе", - сказаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, красамоўным прыкладам таго, што аднаму выстаяць не атрымаецца, стала Югаславія.
Вяртаючыся да цяперашняга стану спраў, кіраўнік дзяржавы зрабіў акцэнт на сумесных дзеяннях Беларусі і Расіі па абароне агульнай Айчыны. "Сёння ў нашым арсенале Рэгіянальная групоўка войскаў Беларусі і Расіі і Адзіная рэгіянальная сістэма ППА. Нам перададзена тактычная ядзерная зброя, хутка на ўзбраенне беларускай арміі паступяць найноўшыя комплексы гіпергукавой зброі "Арэшнік".
З прыняццем Ваеннай дактрыны і Канцэпцыі бяспекі Саюзнай дзяржавы, Дагавора аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы Беларусь і Расія выйшлі на беспрэцэдэнтны ўзровень стратэгічнага партнёрства і каардынацыі дзеянняў у ваеннай сферы, канстатаваў Прэзідэнт.
"Ключавыя пастулаты гэтых дакументаў, такія як прыярытэт папераджальных мер, непадзельная бяспека, раўнапраўе і ўзаемны ўлік інтарэсаў усіх дзяржаў, аформілі саюзны стандарт бяспекі", - сказаў беларускі лідар.-0-