Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
14 лютага 2020, 15:17

Лукашэнка: у Расіі намякаюць на далучэнне Беларусі ў абмен на адзіныя цэны на энерганосьбіты

14 лютага, Светлагорск /Кар. БЕЛТА/. У кіраўніцтве Расіі намякаюць на далучэнне Беларусі ў абмен на адзіныя цэны на энерганосьбіты. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з калектывам Светлагорскага ЦКК, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што на перагаворах з Расіяй - так было і ў Сочы - беларускі бок заўсёды патрабуе роўных умоў, таму што краіны не толькі ў Саюзнай дзяржаве, але і ў Еўразійскім эканамічным саюзе. "Нічога лішняга не патрабуем, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Але нам гавораць: мы розныя краіны - намёк на тое, што трэба, каб былі адной краінай. А як можна мець адну краіну з Расіяй? Вы, напэўна, чуеце: "Давайце ўключым Беларусь у склад Расіі".

Кіраўнік дзяржавы перакананы, што ні беларускі, ні расійскі народы ніколі не захочуць пайсці па гэтым шляху. "Вось вы не антырасійскія людзі, а нармальныя беларусы, якія любяць, паважаюць расіян. Але пастаў перад вамі пытанне, ці хочаце вы такога аб'яднання, каб Беларусь увайшла ў склад Расіі, - 120 працэнтаў скажуць "не", - вобразна выказаўся беларускі лідар. - І самае здзіўнае, што і расіяне мне пішуць пісьмы: "Ні ў якім выпадку не ўваходзьце ў склад Расіі". Але некаму там хочацца, каб была адна краіна, - тады будуць адзіныя цэны".

Прэзідэнт таксама заўважыў, што яго папракаюць у зрыве інтэграцыі, нягледзячы на тое, што ён быў яе ініцыятарам. "А што вы разумееце пад інтэграцыяй? Я разумею: у эканоміцы інтэграцыя, гэта калі мы купляем рэсурсы ў Расіі (запасныя часткі для МТЗ, камплектуючыя для БелАЗа), робім трактары, аўтамабілі і прадаём на агульным рынку. І роўныя цэны. Вось што такое інтэграцыя. Што такое інтэграцыя на ўзроўні людзей: свабоднае перамяшчэнне, няма ніякіх граніц. Пенсіі, налічэнні - усё, як у адной краіне. Мы гэта зрабілі", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

У эканамічным плане на Беларусь у Расіі пачынаюць націскаць з розных бакоў. Нават забараняюць паказваць прадукцыю на выстаўках, адзначыў кіраўнік дзяржавы. "Ужо гавораць: уступайце ў Расію, тады мы вам паставім запчасткі, тады будуць іншыя цэны на нафту і газ. А ці будуць яшчэ? - засумняваўся ён. - Вось у чым пытанне. А не ў тым, што я не дагавораздольны".

"Сярэднія слаі ў Расіі да нас з душой. Яны прыязджаюць сюды, адпачываюць. Ім тут лепш, чым дома. Гэта найвялікшае дасягненне нашага саюзнага будаўніцтва. Навошта гнаць коней, даймаць, некуды ўключаць нас?" - сказаў Прэзідэнт. Ён таксама пракаменціраваў канспіралагічныя тэорыі аб тым, што Уладзімір Пуцін хоча затрымацца на чале ўлады за кошт далучэння Беларусі. "Няма ў Пуціна такой мэты. А калі і была, то мы два гады таму ўмовіліся: ніякага ўваходжання Беларусі ў Расію быць не можа. Але я пажартаваў (у кожным жарце ёсць доля жарту): адзіная дзяржава магчыма - калі Расія ўступіць у склад Беларусі, калі беларускі Прэзідэнт стане Прэзідэнтам гэтай аб'яднанай дзяржавы. Не абавязкова Лукашэнка. Можа, ваш кіраўнік. А лепш за ўсё Наталля Іванаўна Качанава - першая жанчына, але надзейная будзе. Чаму мы можам туды ўступіць, а яны не? І калі б расіянам мы гэту альтэрнатыву прапанавалі, яны маглі б і не адмовіцца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Помніце, што ваш Прэзідэнт ніколі не стане апошнім. Пасля мяне - вы ўжо думайце, што будзеце рабіць. Але нават калі я буду жыць і не буду Прэзідэнтам, я буду змагацца за тое, каб наша Беларусь на гэтым кавалку зямлі заставалася суверэннай і незалежнай. Гэта не толькі нам - гэта нашым дзецям. Ім яшчэ жыць у гэтай краіне. Пытанне незалежнасці - гэта не толькі добра жыць. Можа, і трохі горш жыць будзем. Не будзем - не хвалюйцеся. Адышлі тыя часы. Але мы будзем жыць на сваёй зямлі, сваім розумам, мы будзем выбіраць сваіх прэзідэнтаў, фарміраваць урад і будзем ствараць свае ўмовы для жыцця нашых людзей. Намі ніколі не будуць панукваць, мы будзем праводзіць сваю знешнюю і ўнутраную палітыку, але не на шкоду нашым суседзям і не на шкоду родным расіянам", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі