Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
27 ліпеня 2020, 13:22

Лукашэнка ў Нясвіжы наведаў сучасны завод па перапрацоўцы малака і прадэгуставаў прадукцыю

27 ліпеня, Нясвіжскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Нясвіжскі раён пабываў на адным з сучасных прадпрыемстваў па перапрацоўцы малака - ТАА "Нясвіжскі завод дзіцячага харчавання", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка наведаў перапрацоўчыя цэхі, азнаёміўся з тэхналагічным працэсам, фінансава-эканамічнымі паказчыкамі дзейнасці прадпрыемства.

Як расказаў старшыня савета дырэктараў Нясвіжскага завода дзіцячага харчавання Аляксандр Каранік, будаўніцтва прадпрыемства пачалося ў 2013 годзе, у 2016-м завод быў запушчаны ў эксплуатацыю. Вытворчасць называюць суперсучаснай, усе працэсы максімальна аўтаматызаваны, супрацоўнікаў у цэхах зусім мала. Усяго тут працуюць 223 чалавекі, прычым многія, хто раней выехаў з Нясвіжскага раёна, вярнуліся дзеля работы на заводзе.

Аб'ём інвестыцый склаў 95 млн еўра, у тым ліку каля 40 млн еўра банкаўскіх крэдытаў, астатняя частка - сродкі акцыянераў, міжнароднай кампаніі "Фуд Юніён" са штаб-кватэрай у Ганконгу. "Фактычна гэта кітайскія інвестыцыі, гэта прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове, паколькі наш статутны фонд 35 млн еўра", - растлумачыў Аляксандр Каранік.

Паводле яго слоў, высокая якасць прадукцыі забяспечваецца за кошт выдатнай сыравіны, сучасных тэхналогій. Цяпер завод працуе прыкладна з 60-працэнтнай загрузкай, перапрацоўваючы каля 270 т малака за суткі. Выйсці на праектную магутнасць 500 т малака плануецца да 2023 года.

Асноўная частка прадукцыі - каля 96 працэнтаў - пастаўляецца на экспарт у Расію. Прапрацоўваецца магчымасць пастаўкі ў Кітай і краіны Еўрасаюза.

На заводзе выкарыстоўваецца сыравіна прадпрыемстваў Мінскай вобласці, якія папярэдне праходзяць строгі аўдыт. Закупляецца выключна малако сорту экстра і вышэйшага.

Аляксандр Каранік звярнуў увагу, што завод быў пабудаваны з нуля на пустуючай тэрыторыі, і ўспомніў, як Прэзідэнт калісьці, звяртаючыся да прыватнага бізнесу, гаварыў, што значна лягчэй прэтэндаваць на прыватызацыю прадпрыемстваў, але калі ты сапраўды бізнесмен, трэба паспрабаваць паказаць сябе ў "чыстым полі". "Вось мы і паказалі", - сказаў кіраўнік прадпрыемства. Ён адзначыў, што, як у любым камерцыйным праекце, былі рызыкі, але яны несупастаўныя з тым, наколькі больш адказныя рашэнні даводзіцца прымаць на ўзроўні кіраўніцтва краіны. "Гэта вам нельга памыляцца", - заўважыў ён у гутарцы з Прэзідэнтам.

Аляксандр Лукашэнка згадзіўся, што на пасадзе кіраўніка дзяржавы памылкі дорага каштуюць, таму тыя ці іншыя рашэнні павінны быць вывераныя, хоць ва ўрадзе часам і падштурхоўваюць да пэўнай рызыкі. "Так, рызыкі патрэбны, але трэба разумець, што памылка дорага каштуе. Калі ў цябе ёсць труба, якая нафту пампуе, ты спіш, а яна пампуе, і грошы атрымліваеш, тады можна рызыкнуць, ёсць грошы, што вярнуць", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Высокую якасць прадукцыі Нясвіжскага завода дзіцячага харчавання Прэзідэнт змог ацаніць асабіста ў час дэгустацыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі