ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Чацвер, 28 мая 2020
Мінск Воблачна з праясненнямі +19°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
04 мая 2020, 12:47

Юбілей Перамогі, пандэмія і саміт ЕАЭС - падрабязнасці размоў Лукашэнкі з Дадонам і Такаевым

Аляксандр Лукашэнка ў час відэаканферэнцыі
Аляксандр Лукашэнка ў час відэаканферэнцыі

4 мая, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў фармаце відэаканферэнцыі правёў перагаворы з Прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Рады вас бачыць у добрым здароўі. Таксама хачу вас прывітаць і павіншаваць з нашым надыходзячым святам - 75-годдзем Перамогі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вельмі прашу вас перадаць малдаўскаму народу самыя цёплыя пажаданні ад беларусаў. Мы ў той вайне былі разам. Мы шмат у чым дзякуючы вам не страцілі гэты вялікі здабытак. У апошнія гады мы зблізілі нашы краіны. І ў эканоміцы, і ў палітыцы ў нас няма ніякіх праблем. Мы гэта вельмі высока цэнім".

У час размовы абмяркоўваліся тры асноўныя тэмы: святкаванне 75-годдзя Перамогі, сітуацыя ва ўмовах каранавіруснай пандэміі, а таксама падрыхтоўка маючага адбыцца пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Гэтыя ж тэмы закраналіся і ў час праведзенай раней у гэты ж дзень тэлефоннай размовы з Прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым.

Лукашэнка і Такаеў абмеркавалі саміт ЕАЭС, каранавірус і абмяняліся віншаваннямі з юбілеем ПерамогіЛукашэнка і Такаеў абмеркавалі саміт ЕАЭС, каранавірус і абмяняліся віншаваннямі з юбілеем Перамогі
Касым-Жамарт Такаеў павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з 75-годдзем Вялікай Перамогі і ад імя казахстанскага народа перадаў віншаванні беларусам, падкрэсліўшы, што паўтара мільёна жыхароў Казахстана былі ўдзельнікамі той вайны і палова з іх не вярнуліся дадому.

"У нас няма падстаў адмяніць парад Перамогі. Упэўнены, гэта ніяк не паўплывае на здароўе нашых людзей"

Што датычыцца масавых мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня Перамогі, Аляксандр Лукашэнка расказаў, што яны рыхтаваліся даўно, яшчэ з канца мінулага года. Самае важнае з іх - гэта парад Перамогі. Але таксама на 8 мая запланавана мерапрыемства ў крыпце храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску, дзе закладуць капсулы з зямлёй, прывезенай з розных дзяржаў, гарадоў-герояў.

"Мы вывучалі шмат варыянтаў. Але я прыйшоў пасля вывучэння ўсёй інфармацыі да такой высновы, што мы не можам адмяніць ні адно з гэтых мерапрыемстваў. Мы ніводнага мерапрыемства не адмяняем. Але, зразумела, з улікам абстаноўкі вельмі строга падыходзім да правядзення гэтых мерапрыемстваў. Нікога туды не цягнем і не заганяем. Я ўпэўнены, што і без таго, каб настойліва туды запрашаць, людзей будзе шмат", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, напрыклад, напярэдадні ў час праезду па Мінску бачыў вельмі шмат людзей, якія хадзілі па вуліцах, гулялі ў парках. Тым больш сам горад да гэтага схіляе - ёсць шмат вадаёмаў, зялёных зон, няма скучанасці збудаванняў, ёсць развітая інфраструктура спартыўных аб'ектаў - веладарожкі, пляцоўкі.

"Тым не менш, мы вельмі акуратна ставімся да гэтага мерапрыемства (парада. - Заўвага БЕЛТА). Мы прасілі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны (іх ужо засталося зусім няшмат, некалькі тысяч чалавек, і тым ужо больш за 90 гадоў), каб яны не настойвалі на тым, каб мы, як звычайна гэта бывала, адвезлі іх на парад", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, ветэраны не забыты і не абдзелены ўвагай. У перадсвяточныя дні іх асабіста віншуюць прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, ветэранам уручаюць юбілейныя медалі, праведзены прадугледжаныя выплаты. "Гэта значыць, мы ўдзялілі вельмі сур'ёзную ўвагу нашым ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Таму думаю, што яны мне прабачаць, што я не задаволіў упершыню за 20 з нечым гадоў (просьбу. - Заўвага БЕЛТА) прывезці іх на парад. У нас заўсёды было так: мы іх прывозілі, асобна трыбуна, яны з унукамі, дзеткамі (хто з кім хацеў) знаходзіліся на трыбуне", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што, з іншага боку, ёсць шмат жадаючых наведаць парад з боку ветэранаў Узброеных Сіл. "Гэта таксама баявыя людзі, якія служылі ў арміі. Тут мы, вядома, стрымаць іх не зможам. Зразумела, падумаем аб тым, як размясціць на трыбунах тых людзей, хто катэгарычна адмовіўся дома ля тэлевізара (глядзець парад. - Заўвага БЕЛТА). Мы прадумалі гэта мерапрыемства. Яно будзе, яшчэ раз падкрэсліваю, пад кантролем. Строга арганізавана", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што Беларусь - найбольш пацярпелая ў час вайны рэспубліка, якая была практычна сцерта з зямлі. "Кожны кавалачак зямлі паліты крывёй. І гэта не патэтыка. Гэта сапраўды так. Тысячы-тысячы помнікаў, якія мы прывялі ў нармальны стан. Шмат мемарыяльных комплексаў будуем да гэтага свята і 3 ліпеня. Да гэтых вялікіх свят мы вельмі сур'ёзна рыхтаваліся", - заявіў беларускі лідар.

"І ў нас няма падстаў адмяніць сёння парад Перамогі. Я ўпэўнены, мы дастойна яго правядзём. І абсалютна перакананы, што гэта ніяк не паўплывае на здароўе нашых людзей", - сказаў Прэзідэнт.

"Мы не дурныя, каб станавіцца ў позу і дэманстраваць сваю крутызну. На здароўі людзей гэтага ніколі не зробіш"

Аляксандр Лукашэнка, гаворачы аб пандэміі і барацьбе з ёй у Беларусі, падкрэсліў: у краіне пасля распаду СССР не закрылі ні адну інфекцыйную бальніцу. Наадварот, эпідэміялагічная служба была ўзмоцнена. "Мы ж прайшлі і птушыны, і свіны грып, і атыповую пнеўманію. Мы навучаем у ВНУ і рыхтуем спецыялістаў па гэтых напрамках, гэта дало нам магчымасць пазбегнуць пакуль дрэннага сцэнарыя. Не горшага, а дрэннага", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Дадон аб пазіцыі Лукашэнкі па каранавірусе: лепш за вас ніхто сітуацыю ў Беларусі не зразумееДадон аб пазіцыі Лукашэнкі па каранавірусе: лепш за вас ніхто сітуацыю ў Беларусі не зразумее
"Я даволі часта прыводжу ў прыклад вашу пазіцыю па каранавірусе і па тым, як вы змагаецеся з гэтай пандэміяй. Лепш за вас ніхто сітуацыю ў Беларусі не зразумее. Таму тыя розныя разумнікі, якія даюць парады, няхай лепш глядзяць у сябе, што адбываецца. Я ўпэўнены, што і вы справіцеся з гэтай пандэміяй, і мы таксама", - сказаў Прэзідэнт Малдовы.

"Пры нашай адкрытасці, пры тым, што мы ніводнае прадпрыемства, ніводны магазін, рэстаран не закрылі, ніводны кінатэатр, мы ўсё ж такі маем больш-менш нармальную абстаноўку", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў добрую работу ўрачоў. "Ім трэба аддаць належнае - урачам, якія непасрэдна лечаць людзей. Яны паспрабавалі розныя метады. У нас ёсць добры вопыт лячэння. Мы ўвесь вопыт вывучылі за гэтыя месяцы, пачынаючы ад КНР і заканчваючы ЗША, і маем свае метады і свой шлях пераадолення гэтага няшчасця", - заявіў беларускі лідар.

"Таму калі вы недзе чытаеце, што Лукашэнка страціў розум і не тое робіць, не слухайце і не чытайце. Мы не дурныя, каб станавіцца ў позу і дэманстраваць сваю крутызну. На здароўі людзей гэтага ніколі не зробіш. Вы мяне добра ведаеце, я на гэта ніколі не пайшоў бы", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер толькі лянівы не кідае камяні наконт таго, якую тактыку выбрала Беларусь ва ўмовах пандэміі. "Але я заўсёды гавару: кожны дзейнічае ў адпаведнасці з тым, як складваецца сітуацыя, - заўважыў ён. - Мы з вамі людзі небагатыя, нашы народы небагатыя, і нам трэба пастаянна думаць аб тым, што будзе потым - пасля таго, як гэта скончыцца. Гэта ж вечна не будзе".

Рэагуючы на падтрымку такой пазіцыі з боку Прэзідэнта Малдовы, кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў: "Вы вельмі правільна сказалі. Нам лепш відаць, як рабіць у Беларусі. Я не хачу вас стамляць лічбамі, як мы тут хварэем - не хварэем. Я толькі скажу адно: дай бог, я беларусам гэта гавару праз дзень, каб мы прайшлі гэту эпідэмію на такім узроўні і так, як сёння складваецца ў нас сітуацыя".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў першую чаргу ўдзяляе ўвагу сітуацыі з захваральнасцю на пнеўманіі, якія выклікае каранавірус. Але з ўсёй колькасці пнеўманій каранавірусныя складаюць толькі 30 працэнтаў. "Усе астатнія - якімі людзі хварэлі і ў мінулыя гады. У нас асобна лечацца людзі з каранавіруснымі пнеўманіямі. І ў нас, напэўна, чвэрць толькі ложкаў заняты ў бальніцах, дзе мы лечым людзей з каранавірусам. ШВЛ у нас толькі 10 працэнтаў задзейнічана, - расказаў Прэзідэнт. - Мы 9-10 працэнтаў (пацыентаў. - Заўвага БЕЛТА) трымаем на ШВЛ. 5-7 дзён, вельмі рэдка два тыдні - гэта лічаныя адзінкі. І мы выратавалі гэтых людзей, якія былі на ШВЛ каля двух тыдняў".

"Таму ў нас няма такой неабходнасці на гэтым этапе напружвацца. Мы як належыць змагаемся з гэтай заразай, - упэўнены беларускі лідар. - Проста мы арганізаваліся. Уся краіна. Для таго каб перамагчы гэта няшчасце. У асноўным гэта паніка, інфадэмія, як яе называюць журналісты".

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што найбольш цяжкія наступствы каранавірус часцей за ўсё выклікае ў людзей з сур'ёзнымі захворваннямі: сардэчна-сасудзістымі, анкалагічнымі, цукровым дыябетам разам з лішняй вагой. Ён таксама прывёў статыстыку, якую агучваў напярэдадні на нарадзе, што за 4 месяцы бягучага года ў Беларусі ад сардэчна-сасудзістых захворванняў памерлі амаль 25 тыс. чалавек, анкалагічных - каля 6 тыс. і нават ад атручэнняў алкаголем - у разы больш, чым ад захворванняў, ускладненых каранавірусам.

Прэзідэнт нагадаў, што, сутыкнуўшыся з папрокамі і падазрэннямі, Беларусь запрасіла да сябе спецыялістаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. "Вывад адзін - мы нічога не хлусілі, не ўтойвалі. І я некаторым, якія нас сёння падкрытыкоўваюць, гавару: слабо вам узяць і запрасіць спецыялістаў СААЗ, каб яны паглядзелі, хто колькі хлусіць?" - заўважыў ён.

Аб фармаце саміту ЕАЭС: "Я ваш слуга, як вы скажаце, так і будзе. Я гатовы 19 мая прыняць усіх вас"

Прэзідэнт Беларусі заявіў, што гатовы арганізаваць саміт ЕАЭС, які плануецца на 19 мая ў Мінску, у любым фармаце, але сам асабіста лічыць магчымай вочную сустрэчу. "Што датычыцца ЕАЭС, я сёння размаўляў з Прэзідэнтам Казахстана Такаевым. Яны цяпер кансультуюцца з Прэзідэнтам Расіі. Вам магу сказаць і яму сказаў: я ваш слуга, як вы скажаце, так і будзе. Я арганізую мерапрыемства. Гатовы 19 мая прыняць усіх вас. Абяцаю поўную бяспеку. Упэўнены, што вы з задавальненнем, пабываўшы тут, у добрым настроі пакінеце Мінск, калі, вядома, гэта дазволіць вам абстаноўка (прыехаць на саміт у Мінск. - Заўвага БЕЛТА)", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

"Я ведаю, што вы (Ігар Дадон. - Заўвага БЕЛТА) заўсёды прыляціце да нас. Прэзідэнт Казахстана таксама гатовы прыляцець. Паглядзім, якая будзе рэакцыя Прэзідэнта Расіі. Паколькі ў іх, як мы бачым са СМІ, заяў самога Пуціна, сітуацыя не вельмі добрая. Але з 12 чысла, я ўпэўнены, яны таксама будуць аслабляць гэты каранцін. Таму да 19 мая, калі будзе ваша жаданне наведаць Мінску, я з вялікім задавальненнем вас прыму і мы будзем гатовы да правядзення гэтага мерапрыемства", - запэўніў Прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ён не вельмі ўспрымае фармат відэаканферэнцый. "З нас ужо людзі пачынаюць смяяцца. Калі мы хочам сур'ёзна абмеркаваць пытанні, можна сабрацца тут і абмеркаваць сам-насам. Няхай мы не будзем вялікую колькасць чыноўнікаў за сабой цягнуць, няхай там будуць адна-дзве камеры, нашы асабістыя аператары, фатографы, якія змогуць зняць гэту падзею, але мы сустрэліся б і пагаварылі тут", - лічыць ён.

Кіраўнік беларускай дзяржавы ўпэўнены: няма перашкод для вочнай сустрэчы лідараў краін у Мінску ў намечаны тэрмін. "Але ўсё залежаць будзе ад вас, маіх гасцей. Калі гэта немагчыма, я думаю, што мы можам у рэшце рэшт перанесці гэта мерапрыемства, пакуль сітуацыя не будзе вызначанай і не супакоіцца. Але калі вы прымеце рашэнне ў фармаце відэаканферэнцыі правесці, мы імгненна задзейнічаем усе рычагі і арганізуем гэта мерапрыемства ў выглядзе відэаканферэнцыі. Хоць зусім нядаўна, як вы ведаеце, мы праводзілі такое мерапрыемства ў рамках ЕАЭС і абмяркоўвалі гэтыя пытанні", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Лукашэнка аб прэзідэнцкіх выбарах: гэта будзе дакладна летам, апошні тэрмін - канец жніўняЛукашэнка аб прэзідэнцкіх выбарах: гэта будзе дакладна летам, апошні тэрмін - канец жніўня
"Ведайце, што вы ў Беларусі заўсёды жаданы госць. У любы час, як толькі вам дазволяць абставіны. Я ведаю, што ў вас прэзідэнцкія выбары, але ў нас яшчэ раней адбудуцца прэзідэнцкія выбары", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі