
21 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Еўразійскім эканамічным саюзе важна актывізаваць працэс фарміравання агульных рынкаў энергарэсурсаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, выступаючы на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, якое праводзіцца ў рэжыме відэаканферэнцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Выкарыстанне пераваг узаемнай дапаўняльнасці нашых эканомік дасць магчымасць забяспечыць хуткі і якасны эканамічны прагрэс у саюзе. Для дасягнення мэт, вызначаных прынятай раней стратэгіяй, вельмі важна актывізаваць працэс фарміравання агульных рынкаў энергарэсурсаў", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама заявіў аб усямернай падтрымцы работы, накіраванай на зняцце бар'ераў, скарачэнне выключэнняў і абмежаванняў, а таксама недапушчэнне ўзнікнення новых перашкод на ўнутраным рынку саюза. "У мінулым годзе дасягнуты пэўны тэмп устаранення парушэнняў права саюза, яго трэба захоўваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.-0-