Сцяг Аўторак, 23 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
05 чэрвеня 2024, 06:28

Лукашэнка ў час візіту ў Іркуцк здзейсніў адно са сваіх даўніх жаданняў 

Ігар Кобзеў і Аляксандр Лукашэнка
Ігар Кобзеў і Аляксандр Лукашэнка

5 чэрвеня, Іркуцк /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час візіту ў Іркуцкую вобласць Расіі азнаёміўся з хараством возера Байкал, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Разам з губернатарам Іркуцкай вобласці Ігарам Кобзевым і паўнамоцным прадстаўніком Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі ў Сібірскай федэральнай акрузе Анатолем Серышавым кіраўнік дзяржавы зрабіў прагулку на караблі ўздоўж Кругабайкальскай чыгункі.

Дарэчы, участак Кругабайкальскай чыгункі ад горада Слюдзянкі да пасёлка Байкал, які  праходзіць па беразе возера ўздоўж падножжа Алхінскага плато, з'яўляецца ўнікальным помнікам інжынернага мастацтва. У 1902-1905 гадах ён быў літаральна высечаны ў скалах над Байкалам. На 84 км дарогі прыпадае 424 інжынерныя збудаванні, у тым ліку 39 тунэляў агульнай працягласцю амаль 9 км, 47 каменных галерэй, 14 км апорных сценак. У пачатку XX стагоддзя гэты ўчастак дарогі называлі "залатой спражкай стальнога пояса Расіі".

Прэзідэнт неаднаразова гаварыў аб сваім жаданні наведаць унікальныя прыродныя мясціны Расіі, сярод іх і возера Байкал.

"Возера Байкал, Алтай, Прымор'е, Сахалін і Камчатка - усё ж такі трэба пабываць і паглядзець на гэты цуд прыроды", - адзначаў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Прыморскага края Алегам Кажамякам у Мінску ў верасні 2020 года.

Праз некалькі гадоў, у красавіку 2022 года, кіраўнік дзяржавы яшчэ раз закрануў гэту тэму ў час візіту на Далёкі Усход.

Беларускі лідар расказаў, што яму было б цікава наведаць у Расіі Камчатку, Сахалін, Магадан, Чукотку, Алтайскі край, возера Байкал. "Для мяне гэта вялікая цікавасць. Усё астатняе я больш-менш уяўляю", - растлумачыў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што за гады свайго прэзідэнцтва аб'ехаў увесь свет і можа сцвярджаць, што Расія - унікальнае месца. "На лыжах пракаціцца - няма лепшага курорта, чым Сочы", - прывёў прыклад кіраўнік дзяржавы. Ён таксама звярнуў асаблівую ўвагу на экалогію, вельмі чыстае паветра ў такіх месцах, як Прыморскі край. "Паглядзець, падыхаць свежым паветрам - толькі тут", - сказаў ён.

Наведаць гэтыя неверагодныя па сваёй прыгажосці мясціны Аляксандру Лукашэнку рэкамендаваў і яго расійскі калега Уладзімір Пуцін. "У Расіі столькі цікавага, такая прыгажосць, якую я не бачыў. Я хачу гэта паглядзець. Вось ён (Уладзімір Пуцін. - Заўвага БЕЛТА) мне прапануе: едзь на Алтай, едзь на Байкал, на Камчатку, пабудзь там, паглядзі. Для мяне Расія адкрыта, мне гэта вельмі цікава", - расказваў у адным з інтэрв'ю кіраўнік дзяржавы.-0- 

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі