
31 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі прадоўжаць развіваць нацыянальныя навуковыя школы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 31 студзеня на цырымоніі ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Літаральна тыдзень таму, уручаючы Знак якасці лепшым беларускім прадпрыемствам, я гаварыў аб тым, што важнейшымі апорамі суверэннай дзяржавы з'яўляюцца ў тым ліку традыцыі. Тыя, якія сфарміравала само жыццё і якія ўкараніліся ў грамадскай свядомасці. Сённяшняя наша сустрэча адносіцца да такіх традыцый, калі у канцы студзеня мы збіраемся з нагоды Дня навукі, каб ушанаваць новых дактароў навук і прафесараў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што Беларусь за гады сваёй незалежнасці пабудавала сур'ёзную навуковую і вытворчую базу, якая дае магчымасць паспяхова развіваць эканоміку, павышаць узровень і якасць жыцця людзей, умацоўваць абараназдольнасць краіны.

"Дзякуючы намаганням многіх пакаленняў нашых беларускіх вучоных, спецыялістаў сёння айчынная навука ўпэўнена развіваецца па ўсіх напрамках. Кожны з вас - прыклад для калег, якія, ідучы за вамі, вучацца гэтак жа верыць у сябе, ставіць перад сабой вялікія мэты і цвёрда, упарта ісці да гэтых мэт", - заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі прадоўжаць развіваць нацыянальныя навуковыя школы ў тым ліку для таго, каб даць новым пакаленням маладых вучоных шырокае поле магчымасцей для самарэалізацыі.
"Мы жывём у эпоху небывалага навуковага прагрэсу. Але час не выбіраюць. Выбірае сам час. Гэта ён сёння ставіць нам задачы адна складанейшая за іншую. Задачы, якія без навукі, без вас, паважаныя вучоныя, вырашыць немагчыма. Далей рухацца без рэальнай навукі немагчыма. Адсюль і стаўленне дзяржавы да навукі", - заўважыў беларускі лідар.-0-