Сцяг Чацвер, 28 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
28 лістапада 2024, 12:04

Лукашэнка ў Астане прымае ўдзел у саміце АДКБ

28 лістапада, Астана /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Астане прыбыў на саміт Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. У сталіцу Казахстана беларускі лідар прыляцеў напярэдадні, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Мерапрыемства праводзіцца ў Палацы Незалежнасці. На ўваходзе Аляксандра Лукашэнку прывітаў гаспадар саміту - Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў. У гэтым годзе Казахстан старшынствуе ў АДКБ.
Усяго ў саміце прымуць удзел пяць кіраўнікоў дзяржаў - членаў АДКБ. Акрамя Прэзідэнта Беларусі, гэта прэзідэнты Казахстана, Расіі, Таджыкістана і Кыргызстана.

У склад АДКБ таксама ўваходзіць Арменія, аднак раней прэм'ер-міністр гэтай краіны Нікол Пашынян заяўляў аб замарозцы ўдзелу ў рабоце арганізацыі.

На саміце ў Астане лідары краін абмяняюцца меркаваннямі аб міжнароднай і рэгіянальнай сітуацыі, яе ўплыве на бяспеку дзяржаў - членаў АДКБ, абмяркуюць вынікі супрацоўніцтва і перспектывы далейшага развіцця сістэмы калектыўнай бяспекі. Адказваючы на пытанне БЕЛТА аб адсутнасці на саміце армянскага боку і магчымым уплыве гэтага факта на эфектыўнасць сумеснай работы, дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч сказаў: "Пазіцыя армянскага боку не супярэчыць працэдуры прыняцця дакументаў. Сумна, што аднаго з членаў АДКБ сёння не будзе на пасяджэннях. Але я думаю, што на агульны фармат мерапрыемства, на тыя дакументы, якія сёння будуць разглядацца, гэта істотна не паўплывае".

"Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы стала ключавой структурай у забеспячэнні міру і стабільнасці на велізарнай прасторы Еўразіі. Ва ўмовах сучасных выклікаў АДКБ нязменна дэманструе сваю запатрабаванасць у якасці гаранта бяспекі для ўсіх краін-удзельніц. Нашы ўзгодненыя дзеянні, узаемны давер і падтрымка ўмацоўваюць калектыўную здольнасць вырашаць самыя складаныя і маштабныя задачы", - сказаў на адкрыцці саміту Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў.

На парадку дня саміту амаль паўтара дзясятка пунктаў. Па выніках пасяджэння плануецца прыняць Дэкларацыю Савета калектыўнай бяспекі АДКБ.

Чакаецца таксама прыняцце дакументаў, нацэленых на ўмацаванне саюзніцкіх адносін, павышэнне баяздольнасці Калектыўных сіл, удасканаленне механізмаў крызіснага рэагавання. Плануецца, што лідары краін зацвердзяць мэтавую міждзяржаўную праграму АДКБ па ўмацаванні таджыкска-афганскай граніцы.

Лідары краін таксама прымуць заяву ў сувязі з 80-й гадавінай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і зацвердзяць адпаведны план мерапрыемстваў.

Частка пунктаў парадку дня датычыцца арганізацыйных момантаў работы АДКБ, пытанняў фінансавання дзейнасці арганізацыі. Чакаецца, што ў 2025 годзе старшынства ў АДКБ пяройдзе да Кыргызстана.

Напярэдадні міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў заявіў журналістам, што беларускі бок чакае ад саміту далейшага ўмацавання істытуцыянальных асноў АДКБ. "Мы ідзём у нагу з часам, і арганізацыя развіваецца ў духу часу. Беларусь - самы гарачы прыхільнік гэтай арганізацыі. Мы падтрымаем усе рашэнні, якія будуць выносіцца на абмеркаванне, падпісанне", - сказаў ён.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі