ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Пятніца, 22 кастрычніка 2021
Мінск Ясна +10°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
03 ліпеня 2021, 21:20

Лукашэнка - творчай інтэлігенцыі: мы павінны аб'яднацца і ўтрымаць краіну

Аляксандр Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка

3 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікаў прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі аб'яднаць намаганні, каб захаваць краіну. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў у час наведвання Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт заклікаў творчых людзей займацца ўласцівымі ім справамі і не ўмешвацца ў палітыку. "Паверце, вы будзеце тут лепшымі, а не там, у палітыцы. Там жорсткія, шалёныя законы, яны не для вас. Наўрад ці ў вас знойдзецца хоць адзін чалавек, які вытрымае гэта. А акунуўшыся туды, вы ўжо не зможаце адтуль вылезці. Таму беражыце сябе. Вы таленавітыя людзі, і тварыце там, дзе ў вас лепш гэта атрымаецца", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён зрабіў акцэнт на тым, што звяртаецца з такімі заявамі да творчай інтэлігенцыі амаль праз год пасля падзей электаральнага 2020 года. "Таму што разумеў: людзі творчыя, у вас цяжкая праца. Можа, вы недзе чагосьці недагледзелі, захапіліся нечым. Але і няшмат было сярод вас людзей, якія ідэйна замарочыліся. Але сёння мы падышлі да рысы. Нядаўна я пра гэта гаварыў. Далей - нельга, страцім краіну".

"Я першым, а вы ўслед (як інтэлігенцыя, якая павінна весці за сабой народ) будзем вінаватыя ў тым, што ўпусцілі краіну. Таму мы павінны аб'яднацца і ўтрымаць краіну для тых, хто пасля вас прыйдзе на гэту сцэну, і пасля мяне - у гэту палітыку, - звярнуў увагу беларускі лідар. - Мы пасля сябе павінны пакінуць нешта дзецям. Прынамсі, давайце не будзем разбураць тое, што стварылі за чвэрць стагоддзя".

Прэзідэнт адзначыў, што сапраўды ў краіне не ўсё было ідэальна. Але ідэальна і быць не магло, таму што беларусы ўпершыню напрацоўвалі вопыт пабудовы ўласнай незалежнай дзяржавы. "Калі вы думаеце, што мы заўтра зламаем краіну, яна будзе, напрыклад, у складзе Польшчы і вы будзеце там вялікімі і вядомымі, то памыляецеся. Пагаварыце з тымі, хто паехаў туды і вярнуўся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы падышлі да рысы. І я вам гавару цяпер як Прэзідэнт грамадзянам нашай краіны, - падкрэсліў беларускі лідар, - гэта ваша зямля, і вы яе павінны зберагчы".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі