Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
21 снежня 2021, 13:24

Лукашэнка: трэба выкарыстоўваць антыманапольныя рычагі для "падвешвання" цэн

21 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка перад новым кіраўніком МАРГ Аляксеем Багданавым ставіць задачу актыўней выкарыстоўваць антыманапольныя рычагі для ўплыву на сферу цэнаўтварэння, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Антыманапольнае рэгуляванне - тут у нас шмат праблем, як і ў постсавецкіх рэспубліках. Трэба выкарыстоўваць антыманапольныя рычагі для таго, каб і неяк падвешваць цэны, трымаць іх у прымальным дыяпазоне. Разумеючы, што ў нас людзі не зусім багатыя, каб вось так вось: адпусціў цэны, і ўсе будуць добра жыць, яны (цэны. - Заўвага БЕЛТА) самі па сабе ўпадуць... Нешта нідзе не падаюць. Вось колькі я назіраю, нідзе не падаюць, асабліва ў постсавецкіх рэспубліках. І так ці інакш, я назіраю за Расіяй, яны навучыліся рэгуляваць цэны", - заявіў беларускі лідар.

"Праз рэнтабельнасць вы пойдзеце, прыбытковасць гандлёвых прадпрыемстваў або яшчэ неяк, - гэта ваша справа. Хацелася б, каб вы ўнеслі і на мой узровень такія прапановы, - сказаў Прэзідэнт. - Увогуле, я на вас вельмі разлічваю. Гэта не прахадная пасада. Трэба стварыць сістэму - вось і ўсё. Яе пакуль няма".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што міністэрства і ў цэлым сфера гандлю дастаткова складаныя. "Пры любых даследаваннях нашага грамадства людзі называюць праблемы, якія ляжаць у плоскасці вашага міністэрства. Таму арганізацыя гандлю і эканоміка - гэта сферы вельмі цікавыя і даволі складаныя", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што ў савецкі час было крыху прасцей, і цэнаўтварэнне было стабільнае. "Цяпер мы кінуліся ў рынак. Людзі скардзяцца часта, што ў нас рост цэн, высокая інфляцыя. Гэта сапраўды так. Рыначныя адносіны, так сказаць. Сёння мы зразумелі, што ніякіх рыначных адносін няма, нам падкінулі гэту ідэю з-за акіяна - тыя, у каго мора грошай. А калі не хапае, вы ведаеце, - кнопку націснуў, уключыў станок, надрукаваў. Ім лёгка быць рыначнікамі, - заявіў беларускі лідар. - Таму нам яны не арыенціры. Хоць мы не можам (дазволіць. - Заўвага БЕЛТА) вытворчасць задушыць стабільнасцю цэн: цэны назначылі, вытворчасць у гэтыя цэны не ўкладваецца, і яна лягла. Тут вельмі тонкая настройка і ўсім гэтым давядзецца займацца".

Кіраўнік дзяржавы таксама даў Аляксею Багданаву некалькі парад па фарміраванні і падборы каманды: "У гандлі вельмі шмат талковых людзей. У дзяржаўным гандлі. Вы там знойдзеце добрых спецыялістаў. Вы самі малады чалавек, і не трэба баяцца падцягваць да сябе такіх жа маладых людзей, каб яны маглі быць вашай апорай".

Прэзідэнт упэўнены, што спраўляцца з задачамі на новай адказнай пасадзе новаму міністру дапаможа і яго спартыўная падрыхтоўка. "Гэта і характар спецыфічны. Я сам як спартсмен разумею: калі за нешта ўзяўся, трэба давесці да канца. Думаю, спартыўная падрыхтоўка вам дапаможа ў гэтым плане. Гэта вельмі важна", - сказаў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі