Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
04 снежня 2019, 14:30

Лукашэнка: трэба раўнамерна развіваць Мінскую вобласць, а не толькі "залатыя землі" паміж кальцавымі

4 снежня, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. У Мінскай вобласці неабходна актывізаваць дзелавую актыўнасць, ствараць новыя прадпрыемствы, разгрупаваўшы іх па ўсёй тэрыторыі рэгіёна. Гэта дасць магчымасць раўнамерна развіваць усе раёны, а не толькі "залатыя землі" паміж першай і другой кальцавымі дарогамі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з актывам Мінскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў асабістае стаўленне да Мінскай вобласці як да прысталічнага, самага густанаселенага рэгіёна краіны. "Адзін з галоўных крытэрыяў, які сведчыць аб развіцці тэрыторыі, - гэта колькасць насельніцтва. У вас яна ў вобласці прырастае, і ўслед за ёй (няхай і крыху) прырастае колькасць занятых у эканоміцы. Сёння іх амаль 700 тыс. чалавек, - сказаў ён. - Такія тэндэнцыі ў корані адрозніваюцца ад тых, якія, на жаль, назіраюцца ў Беларусі. За гэта можна толькі пахваліць".

Валавы рэгіянальны прадукт Мінскай вобласці прырастае самымі высокімі ў краіне тэмпамі - 104,5 працэнта. За дзве пяцігодкі эканоміка рэгіёна вырасла амаль на 37 працэнтаў, у той час як рост у цэлым па рэспубліцы склаў амаль 10 працэнтаў. "Па сутнасці, Міншчына - адзіная вобласць, дзе выконваецца маё патрабаванне аб апераджальным (у параўнанні з сусветным) эканамічным росце, - адзначыў Прэзідэнт. - Развітая прамысловасць, чвэрць сельскагаспадарчай вытворчасці, пятая частка экспарту і інвестыцый рэспублікі - усё гэта, безумоўна, сведчыць аб высокім патэнцыяле рэгіёна".

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў адсутнасць у вобласці крытычных праблем. "Але для новага старшыні аблвыканкама гэта толькі ўскладняе задачы. Мае патрабаванні вы ведаеце - спыняцца на дасягнутым недапушчальна, паколькі дагоняць, затопчуць і выкінуць на абочыну. А значыць, новаму кіраўніцтву давядзецца паказаць яшчэ большую дадатную дынаміку. Для гэтага неабходна прынцыпова вырашаць задачы, якія сёння стрымліваюць магчымасці дадатковага росту", - падкрэсліў ён.

Перш за ўсё новаму губернатару неабходна заняцца вырашэннем праблемы скарачэння колькасці арганізацый у эканоміцы (за гады іх стала на 210 менш) і сітуацыяй на рынку працы, дзе колькасць звольненых работнікаў перасягнула колькасць прынятых больш як на 8 тыс. У параўнанні з 2018 годам на 18 працэнтаў скарацілася колькасць працаўладкаваных на рабочыя месцы за кошт новых вытворчасцей. "Уважліва разбярыцеся ў прычынах. Гэта збег акалічнасцей або тэндэнцыя? Звярніце ўвагу і на якасны склад суб'ектаў гаспадарання, якія фарміруюць эканоміку Мінскай вобласці", - запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

"З аднаго боку, у рэгіёне існуе высокая залежнасць ад кан'юнктуры сыравінных рынкаў, перш за ўсё калійных угнаенняў, і рынку інвестыцыйных тавараў (размова ідзе пра кар'ерныя самазвалы). А гэта ўсяго некалькі прадпрыемстваў. З іншага, амаль палова арганізацый вобласці - гэта разнастайныя прамежкавыя звёны са сфер аптовага і рознічнага гандлю, аказання паслуг складзіравання, кур'ерскай дзейнасці, - прадоўжыў ён. - Тыя, хто знаходзіцца паміж імі, і ёсць ваша, гаворачы сучаснай мовай, мэтавая група. Гэта невялікія прадпрыемствы, якія неабходна развіваць у першую чаргу. Толькі так можна знізіць залежнасць валавога рэгіянальнага прадукту вобласці і бюджэту ад вынікаў работы двух дзясяткаў валаўтваральных прадпрыемстваў".

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што вобласць спынілася ў вырашэнні пытання дыверсіфікацыі крыніц росту. Колькасць малых і сярэдніх арганізацый з 2013 года застаецца на ўзроўні 20 тыс., а колькасць работнікаў скарацілася са 143 тыс. да 124 тыс. чалавек.

"Аляксандр Генрыхавіч (Турчын. - Заўвага БЕЛТА), вы ведаеце, як працаваць з бізнесам любой формы ўласнасці. Таму патрабую актывізацыі дзелавой актыўнасці і павышэння ўкладу прадпрымальніцтва ў эканоміку рэгіёна, - сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да губернатара. - Разгрупаваўшы новыя прадпрыемствы па ўсёй тэрыторыі, вы вырашыце праблему раўнамернасці развіцця вобласці, а не толькі, як кажуць у народзе, "залатых зямель" паміж першай і другой кальцавымі дарогамі".

Прэзідэнт паставіў задачу звярнуць увагу на асобныя раёны вобласці: Клецкі, Капыльскі, Любанскі, Уздзенскі. "За вясну-лета наступнага года іх жыхары павінны адчуць змяненні ў лепшы бок. І ў вас для гэтага ўсё ёсць", - падкрэсліў ён.

"Хачу яшчэ раз папярэдзіць: за самавольны захоп зямель, самавольнае будаўніцтва, беспарадак спагнанне будзе вельмі строгае. Перыядычна буду фарміраваць групы і правяраць, асабліва Мінскую вобласць, таму што ўсе імкнуцца сюды. Калі не ў Мінск, то ў Мінскі раён. Бачыце, у што яго ператварылі. Хоць я апошнім часам на строгі кантроль узяў усе, нават да кавалачка, землі", - сказаў беларускі лідар.

Разам з тым ён звярнуў увагу на наяўнасць мноства недабудаваных будынкаў і паставіў задачу сур'ёзна заняцца добраўпарадкаваннем, асабліва сельскіх населеных пунктаў. "У нас у гэтым плане недапрацоўваюць кіраўнікі сельскіх саветаў, - перакананы кіраўнік дзяржавы. - Дамаўляліся ж, што 2-3 гады - і дом павінен стаяць, павінен быць добраўпарадкаваны, а не павінен быць як бяльмо на воку. А ўнутры - калупайся хоць усё жыццё".

Аляксандр Лукашэнка рэкамендаваў новаму губернатару выкарыстоўваць вопыт работы ва ўрадзе для развіцця рэгіёнаў. "Аснова іх развіцця - індустрыялізацыя і, абавязкова, лічбавізацыя. Лічбавізацыя эканомікі - галоўны сусветны трэнд. Гэта не значыць, што яна павінна быць толькі ў Мінску, ва ўрадзе. Навукаёмістасць не павысіш нават у сельскай гаспадарцы без гэтага напрамку", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Акрамя таго, Прэзідэнт прапанаваў Мінскаму аблвыканкаму сумесна з Банкам развіцця разгледзець магчымасць укаранення праектнага фінансавання розных форм сельскага прадпрымальніцтва і мясцовых ініцыятыў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі