
21 красавіка, Аршанскі раён /Кар. БЕЛТА/. Трэба перастаць бяздумна будаваць і сцягваць людзей у буйныя гарады. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць і наведвання Копысі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на домакамплекты Мінлясгаса ёсць вялікі попыт, які трэба задавальняць. "Трэба больш, попыт ёсць", - сказаў Прэзідэнт. У той жа час ён папярэдзіў наконт разумнай цэнавай палітыкі, каб людзі не адмовіліся ад гэтай прадукцыі.
Гаворачы ў цэлым пра жыллёвую палітыку, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што будаваць трэба перш за ўсё там, дзе на гэта ёсць запыт ад прадпрыемстваў, работадаўцаў, іншымі словамі - пад заказ.
"Наогул нам трэба сур'ёзна перабудавацца - і ў вобласці, ва ўсіх абласцях, і ў краіне і будаваць толькі ў адпаведнасці з заказам жыллё. А людзі што хочуць, тое будуюць - за свой кошт. Мы перашкаджаць ім не павінны, тым больш у такіх пасёлках (як Копысь. - Заўвага БЕЛТА)", - сказаў Прэзідэнт. У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў дрэваапрацоўчы ўчастак Аршанскага лясгаса, размешчаны ў Копысі. Тут працуюць каля 50 чалавек, і некаторыя прыязджаюць нават з Оршы. Калі для іх пабудаваць жыллё ў Копысі, людзі пераедуць, будуць тут жа жыць і працаваць, упэўнены Аляксандр Лукашэнка. "Для людзей трэба стварыць умовы. Для працы ўмовы нармальныя. Не хапае толькі адзінага - дом, патрэбны дом. Участачкі ў нас ёсць. Як толькі мы абмяжуем будаўніцтва жылля ў Мінску і абласных цэнтрах, людзі сюды прыедуць жыць. А чаго тут не жыць?" - адзначыў Прэзідэнт.

"Трэба ўзяць і спыніць гэту бяздумную будоўлю і сцягваць людзей у буйныя гарады", - падкрэсліў Прэзідэнт.
У сваю чаргу міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік звярнуўся з просьбай дазволіць у сістэме лясгаса прадаваць сваім работнікам арэнднае жыллё ва ўласнасць пасля заканчэння 10 гадоў арэнды і пры ўмове добрасумленнай працы на прадпрыемстве. "Калі б дазволілі іх гадоў праз 10 прыватызаваць людзям, якія добрасумленна..." - сказаў ён.
Прэзідэнт, не чакаючы падрабязнасцей, адразу адказаў згодай, але пры адной умове: "Добра, толькі за тыя грошы, за якія пабудавалі".
"Кіраўнік запрашае і кажа: вось цана. Але яму ж трэба, каб людзі працавалі тут. "Працаваць тут думаеш?" - "Думаю". Гэта галоўнае - працаваць далей тут, і цана. Плаціш грошы, працуеш, падпісваеш дагавор, не - да пабачэння. Што тут дрэннага? Няхай купляе чалавек дом (выкупляе арэнднае жыллё. - Заўвага БЕЛТА), а мы за гэтыя грошы яшчэ адзін пабудуем", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.-0-