Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
10 мая 2022, 12:56

Лукашэнка: трэба аб'ектыўна бачыць абстаноўку ў Беларусі і вакол, нас ніхто не павінен застаць знянацку

10 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Абстаноўку ў Беларусі і за яе межамі з ваеннага пункту гледжання трэба бачыць і ацэньваць аб'ектыўна. Такую задачу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў на нарадзе па пытанні дзяржаўнага абароннага заказу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы павінны аб'ектыўна бачыць тое, што адбываецца на тэрыторыі Беларусі і вакол. Таму што, калі мы неадэкватна ацэнім абстаноўку і сплануем свае дзеянні, мы будзем мець бледны выгляд у любым сутыкненні, у любой канфліктнай сітуацыі", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

У прыватнасці, Прэзідэнт згадаў аб вучэннях НАТА, якія праходзяць у Польшчы, і павелічэнні ваеннай групоўкі ў гэтай краіне. "Мы ведаем, што натаўцы пачалі маштабныя вучэнні ўздоўж нашых граніц. І фэйкі, разважанні, меркаванні з'яўляюцца розныя, мы гэта не ўтойваем. Журналісты мяне аб гэтым пытаюцца ўжо, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Было 3 тыс., а цяпер пад 40 тыс. чалавек ля нашых граніц, і праводзяць маштабныя вучэнні".

"Я не ўтойваў ніколі і не ўтойваю: міністру абароны, Генштабу пастаўлена задача - мы павінны прадугледзець усё", - падкрэсліў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што ў Беларусі адказныя асобы павінны бачыць і ведаць, што адбываецца на суседняй тэрыторыі. Гэта ў тым ліку задача і Дзяржпагранкамітэта, і Камітэта дзяржбяспекі, і Узброеных Сіл.

"Нас ніхто не павінен застаць знянацку. Урок мінулай вайны, - зрабіў акцэнт Аляксандр Лукашэнка. - Мы не агрэсары, мы ні на каго не збіраемся наступаць. Але порах не толькі трэба трымаць сухім на перспектыву, але і сёння вуха трэба трымаць востра. Трэба бачыць, што робяць побач з нашымі граніцамі нашы сапернікі (я гавару гэта адкрыта, каб яны разумелі), і рэагаваць".

Прэзідэнт у сувязі з гэтым таксама згадаў аб раптоўнай праверцы сіл рэагавання, якая была аб'яўлена ва Узброеных Сілах 4 мая. "Сэнс раптоўнай гэтай праверкі ў тым, каб мы нечакана вывелі часці на выпадак вайны. Вось уявіце - агрэсія. Як яна будзе ўчыняцца? З заходняй або паўднёвай тэрыторыі? Мы некалькі сцэнарыяў бачым. І адпаведна гэтым сцэнарыям, калі не дай бог так будуць развівацца падзеі, мы павінны адказваць", - сказаў беларускі лідар. Ён растлумачыў, што на выпадак такога развіцця падзей прадугледжваецца неадкладнае перамяшчэнне падраздзяленняў і часцей УС у пэўныя раёны, перакрыццё дарог і напрамкаў руху верагоднага праціўніка, іншыя дзеянні.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, раптоўная праверка паказвае, што Узброеныя Сілы Беларусі працуюць нядрэнна. Тым не менш Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Аляксандра Вальфовіча з тым, каб ён далажыў сваё бачанне сітуацыі.

Як паведамлялася, 9 мая ў час сустрэчы Прэзідэнта з прадстаўнікамі СМІ, кіраўніку дзяржавы было зададзена пытанне наконт таго, што апошнім часам у інтэрнэце з'яўляецца інфармацыя, што Польшча вось-вось нападзе на Беларусь, праводзіць на сваёй тэрыторыі маштабныя ваенныя вучэнні.

"Няхай паспрабуюць. Мы тут рогі абломлівалі не такім. Таму калі яны хочуць паспрабаваць, калі ласка. Нас гэта таксама і мяне насцярожвае. Было 3 тыс. чалавек, сёння падцягнулі ў Польшчу і Літву, халуям гэтым, 32 тыс. Кажуць, пад 40 тыс. ужо. Мы вельмі ўважліва назіраем за сітуацыяй. Я заўсёды ваенным гаварыў: мы нічога не павінны празяваць. 1941 года паўтарыць мы не павінны. Таму мы адкажам", - сказаў Прэзідэнт.

"Мы заўсёды разумелі, што наша армія супраць НАТА (гэта махіна)... Але не трэба забываць, што ззаду Расія - ядзерная дзяржава. І ў нас адпаведны дагавор. І на гэту тэму мы размаўляем вельмі часта апошнім часам з Прэзідэнтам Расіі", - заявіў беларускі лідар.

Ён таксама падкрэсліў, што немагчыма перамагчы народ, які ваюе на сваёй зямлі, за сваю тэрыторыю, за свае сем'і і дзяцей.

"І потым, напэўна, яны неяк хочуць яшчэ ад Украіны адцягнуць і нас, і Расію. Дурні поўныя, якія займаюцца піяраўшчынай, але не ведаюць, чым жыве звычайны польскі, літоўскі, нямецкі салдат. Нікому не патрэбна вайна, і перш за ўсё салдатам. А калі салдатам вайна не патрэбна, значыць, яе не будзе", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі