Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
20 снежня 2018, 13:28

Лукашэнка: транспартная інфраструктура Мінска адстае ад надзённых патрэбнасцей на некалькі гадоў

20 снежня, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Актыўнасць мінскіх улад у развіцці інфраструктуры адстала ад надзённых патрэбнасцей як мінімум на некалькі гадоў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе з актывам Мінска, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Мінск стаў горадам для машын, і колькасць аўтамабілістаў пачынае ўжо зашкальваць. Канцэнтрацыя транспарту ў цэнтры, загрузка ў гадзіны пік, экалагічнае ўздзеянне, высокі ўзровень аўтамабілізацыі - ужо рэальнасць.

"У гэтых умовах асабліва непакоіць тэма бяспекі людзей, асабліва дзяцей. Трэба вяртаць горад людзям. Ён павінен быць зручным для перамяшчэння перш за ўсё на грамадскім транспарце, электрасамакатах, веласіпедах, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Праязджаючы па Мінску, я проста радуюся, бачачы, колькі людзей сёння перамяшчаюцца сем'ямі на веласіпедах. Але актыўнасць мясцовых улад у развіцці інфраструктуры адстала ад надзённых патрэбнасцей як мінімум на некалькі гадоў".

Грамадскі транспарт не адпавядае цяперашнім запатрабаванням грамадства. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што метро павінна сур'ёзна аблягчыць дыханне горада, таму чатыры станцыі на трэцяй лініі трэба ўвесці ў эксплуатацыю ў 2020 годзе, і пажадана ў першай палове.

"Пачалі выкарыстоўваць электробусы. Людзям яны спадабаліся. Але высокая цана новага транспарту цяжкая для бюджэту. Вытворцу трэба думаць над істотным зніжэннем затрат, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Што датычыцца асабістага электратранспарту. Праз год уводзім станцыю (АЭС. - Заўвага БЕЛТА), а ў Мінску да гэтага часу няма ні зараднай інфраструктуры, ні комплексных правіл яе размяшчэння, ні сур'ёзных стымулаў да стварэння".

Прэзідэнт падкрэсліў, што трэба арыентавацца на электратранспарт. І гэта, паводле яго слоў, не проста заклік: увесь свет павярнуўся ў гэтым напрамку. "Мы задыхаемся перш за ўсё ад выкідаў аўтамабіляў, асабліва ў Мінску", - канстатаваў ён. Аляксандр Лукашэнка дадаў, што многія людзі імкнуцца жыць у цэнтры горада, але экалагічная абстаноўка там далёка не самая лепшая. "Выкіды каласальныя, нічога не праветрываецца. Людзі жывуць і ўсім гэтым дыхаюць", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Ён заявіў, што вырашэнне транспартных задач для новага мэра Мінска як для былога міністра транспарту - справа гонару.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі