
21 кастрычніка, Брэсцкая вобласць /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання агульнавайсковага палігона Абуз-Лясноўскі ў Брэсцкай вобласці запатрабаваў больш актыўна мадэрнізаваць танкі, якія стаяць на ўзбраенні, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Акрамя беспілотных лятальных апаратаў, на палігоне кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі і іншыя ўзоры ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі. Сярод іх оптыка-электронныя комплексы для аховы граніц і аб'ектаў інфраструктуры, лазерная і электрамагнітная зброя, рабатызаваны агнявы комплекс, баявыя і разведвальныя машыны, мадэрнізаваныя бронетранспарцёр і танк Т-72БМ2, аснашчаны абаронай ад процітанкавых ракетных комплексаў.
Характарыстыкамі і адметнымі асаблівасцямі тэхнікі Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў тым ліку і ў членаў экіпажаў. "70 выстралаў, 67 траплянняў", - адказалі ваенныя.
"З пункту гледжання сучаснай вайны патрэбны больш сучасныя танкі?" - спытаў кіраўнік дзяржавы.
"Мы мадэрнізуем, і яны не горшыя за Т-90", - адказаў міністр абароны Віктар Хрэнін.
"Значыць, трэба свае танкі прывесці ў парадак - і нармальна, - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. - Калі ён кажа, што гэта добры танк, будзем на яго арыентавацца. Давайце будзем да розуму гэтыя танкі даводзіць".
У той жа час Прэзідэнт пацікавіўся, ці актуальна наогул выкарыстанне танкаў у сучасных баявых дзеяннях. "Квадракоптары і барацьба з імі, станцыі РЭБ сёння мяне больш уражваюць, чым танкі", - адзначыў ён.
"Толькі танкам можна забяспечыць актыўнасць абароны", – падкрэсліў міністр абароны.
"Гэта значыць, танкам быць? Таму трэба мадэрнізаваць. Трэба выходзіць на больш істотныя аб'ёмы мадэрнізацыі", - паставіў задачу галоўнакамандуючы.-0-