Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
19 лютага 2020, 14:03

Лукашэнка сустрэўся з Абдэль Фатахам ас-Сісі. Якія задачы паставілі перад сабой Беларусь і Егіпет

19 лютага, Каір /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сёння ў Каіры перагаворы з Прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам ас-Сісі. Сустрэча кіраўнікоў дзяржаў прайшла ў прэзідэнцкім палацы "Аль-Ітыхадыя", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Перагаворы прэзідэнтаў пачаліся з пратакольнай цырымоніі. Абдэль Фатах ас-Сісі сустрэў Аляксандра Лукашэнку каля ўвахода ў палац, і пасля выканання гімнаў і цырыманіялу з удзелам роты ганаровай варты прэзідэнты селі за стол перагавораў. Спачатку сустрэча праходзіла ў фармаце сам-насам, затым да кіраўнікоў дзяржаў далучыліся члены дэлегацый.

Ключавыя беларуска-егіпецкія праекты

Цяпер Беларусь і Егіпет працуюць прыкладна над дзясяткам праектаў, палавіна з іх арыентавана на прамысловую кааперацыю. Бакі расшыраюць вытворчасці тэхнікі МАЗ і МТЗ, "Бабруйскаграмаша", "Амкадора", Мінскага маторнага завода.

Перад краінамі стаіць задача не проста вырабіць тэхніку, але і арганізаваць устойлівыя продажы, сэрвіснае абслугоўванне і падрыхтоўку персаналу.

Развіваюць супрацоўніцтва і навуковыя арганізацыі дзвюх краін. У 2019 годзе яны на ўмовах суфінансавання займаліся даследчымі праектамі ў сферах тэхналогіі металаў, парашковай металургіі, генетыкі, агульнай і неарганічнай хіміі.

Беларусь таксама хоча расшырыць пастаўку ў Егіпет прадукцыі дрэваапрацоўкі і мэблі. Прычым тут бакі не абмяжоўваюцца пастаўкамі: беларускі бок рыхтуе кадры для дрэваапрацоўчай і мэблевай галіны Егіпта. У 2019 годзе выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта правялі ў Егіпце першыя вучэбныя курсы па дызайне і вытворчасці мэблі. Гэту практыку плануюць прадоўжыць і ў бягучым годзе.

Сярод іншых праектаў у адукацыі - стварэнне сумеснага інжынернага факультэта сіламі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і Табінскага металургічнага інстытута. У кастрычніку 2019-га ўжо былі набраны першыя студэнты. Цяпер яны вывучаюць рускую мову, а восенню будуць залічаны на першы курс у БНТУ.

Што думае бізнес

Адначасова з візітам Аляксандра Лукашэнкі ў Каіры праходзіць кантактна-кааперацыйная біржа. Перагаворы праводзяць больш як 30 беларускіх і каля 120 егіпецкіх кампаній. Як расказаў журналістам старшыня БелГПП Уладзімір Улаховіч, бакі рыхтуюцца заключыць новыя пагадненні і кантракты. "Кампаніі прадстаўляюць розныя сферы, пачынаючы ад машынабудавання, нафтахіміі, тэкстыльнай прамысловасці, харчавання, высокіх тэхналогій", - адзначыў ён.

На думку Уладзіміра Улаховіча, супрацоўніцтва паміж краінамі ў машынабудаванні патрабуе больш дынамічнага развіцця. "Тут трэба надаць патрэбную дынаміку, таму што вельмі сур'ёзны рынак", - падкрэсліў старшыня БелГПП.

Сярод новых ініцыятыў - праект па ачыстцы вады. У егіпецкіх правінцыях гэта тэма выклікала вялікі інтарэс. Падрабязнасці будуць абмяркоўвацца ў Каіры на беларуска-егіпецкім бізнес-форуме. "Навука - новы напрамак, наша супрацоўніцтва тут развіваецца вельмі інтэнсіўна. Ёсць сур'ёзныя тэхналагічныя нішы, па якіх можна працаваць", - дадаў Уладзімір Улаховіч.

Паводле яго слоў, з сумеснай прадукцыяй Беларусь і Егіпет могуць выходзіць на краіны Паўночнай Афрыкі і Блізкага Усходу. Менавіта з арыенцірам на гэта трэба развіваць супрацоўніцтва.

Як развіваліся адносіны паміж краінамі

Цяперашні візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Егіпет ужо трэці за гісторыю двухбаковых адносін. Раней кіраўнік дзяржавы наведваў Каір у 1998 і 2017 гадах. У чэрвені 2019-га адбыўся першы афіцыйны візіт Прэзідэнта Егіпта ў Беларусь. У 2015 годзе лідары дзвюх краін правялі сустрэчу на палях Генеральнай асамблеі ААН. Такім чынам, сёння адбылася ўжо чацвёртая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Абдэль Фатахам ас-Сісі.

Тавараабарот паміж краінамі ў 2019 годзе вырас на 32 працэнты - да $142 млн. Пры гэтым беларускі экспарт склаў $116,5 млн, павялічыўшыся на 40 працэнтаў. За тры гады з часу апошняга візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Каір Беларусь і Егіпет нагандлявалі больш як на трэць мільярда долараў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі