ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Субота, 28 лістапада 2020
Мінск Суцэльная воблачнасць 0°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
27 кастрычніка 2020, 14:06

Лукашэнка: супраць нас разгарнулі ўжо не інфармацыйную, а тэрарыстычную вайну па асобных напрамках

Аляксандр Лукашэнка ў час нарады
Аляксандр Лукашэнка ў час нарады

27 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь пачынае сутыкацца з тэрарыстычнымі пагрозамі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе па падрыхтоўцы шостага Усебеларускага народнага сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Мерапрыемства пачалося крыху пазней, чым планавалася спачатку. "Вельмі важныя пытанні давялося абмяркоўваць цяпер, паколькі пры пэўных зрухах у нашым грамадстве, змяненнях, у тым ліку і па тэме сённяшняй нарады ў сувязі з падрыхтоўкай Усебеларускага народнага сходу, ёсць і іншыя вельмі важныя пытанні, не вырашыўшы якія нам вельмі цяжка будзе рухацца далей. Таму давялося сёння паламаць свой рабочы графік", - растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Ён расказаў, што размова ішла пра бягучы момант, рэагаванне органаў улады на сітуацыю. "Вы, напэўна, помніце маю заяву, калі я сказаў, што мы павінны працаваць акуратна, нягледзячы на тое, што востры перыяд, пратэстуны гэтыя сланяюцца па вуліцах (у асноўным або практычна толькі ў Мінску). Але, тым не менш, мы канстатавалі факт, што гэта маса, якая засталася, радыкалізавалася. Мы выразна бачым арганізатараў і тых, хто ўвасабляе гэтыя ідэі, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - І я тады гаварыў, што працуем акуратна, паколькі чырвоную рысу яны яшчэ не перайшлі. Апошнія некалькі дзён сведчаць аб тым, што па многіх напрамках яны гэту чырвоную рысу перайшлі".

"Ну як можна ацэньваць тое, што ўжо выйшлі на чыгунку і пачынаюць блакіраваць аўтаматыку, ажыццяўляць замыканне рэек. Гэта можа прывесці да сур'ёзных аварый на чыгунцы, катастроф і гібелі мноства людзей. Гэта дзеянні арганізаваных злачынных груп з прыкметамі тэрарызму. Мы пачынаем сутыкацца з тэрарыстычнымі пагрозамі", - падкрэсліў беларускі лідар.

У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы таксама расказаў, што ў Мінску, згодна з існуючай інфармацыяй, перарэзалі некалькі святлафораў. "Ламаюць, знішчаюць тое, што стваралася ўсёй дзяржавай у Мінску многімі дзесяцігоддзямі або гадамі. А, самае галоўнае, людзі стаміліся гэта ўсё цярпець", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што ўлада тады чагосьці варта, калі яна ўмее сябе абараняць і абараняць свой народ: "Таму калі пераступаецца чырвоная лінія, улада павінна рэагаваць".

"У сувязі з гэтымі заклікамі з Польшчы і Літвы аб ультыматумах і забастоўках (я ўчора прэм'ер-міністру даручаў і ўсім практычна прысутным тут): нікога не трэба ўгаворваць - ні рабочых, ні студэнтаў, ні ўрачоў, ні настаўнікаў, ні дзяржслужачых, - сказаў Прэзідэнт. - Цяпер такі момант, калі кожны павінен выбіраць у сваім жыцці тую дарогу, па якой ён будзе рухацца".

"Не хочуць рабочыя працаваць - не трэба. Але іх адзінкі, якія не хочуць, - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. - Студэнты: прыйшлі вучыцца - вучыцеся. Хто хоча, той няхай вучыцца. Хто выйшаў у мэтах парушэння закону на несанкцыянаваныя акцыі, пазбаўляецца права быць студэнтам. Калі ласка, адпраўце іх, як я гаварыў, каго ў армію, а каго - на вуліцу. Няхай ходзяць па вуліцы. Але яны павінны быць адлічаны з ВНУ. Тое ж самае выкладчыкі, іх таксама адзінкі, якія брыдка сябе паводзяць у ВНУ".

"Паўтараю: нікога не прасіце і не ўгаворвайце, гэта бескарысна. У лепшым выпадку ў гэтай сітуацыі мы іх загонім пад плінтус. І яны потым зноў адтуль павылазяць. Таму няхай вызначаюцца, дзе яны хочуць жыць, як яны хочуць жыць і што рабіць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што арганізатары пратэстаў у Беларусі па метадычцы каляровых рэвалюцый прайшлі ўжо 7-8 этапаў. "Засталося зусім няшмат. Наступны этап - радыкалізацыя. Яна адбываецца. Супраць нас разгарнулі ўжо не інфармацыйную, а тэрарыстычную вайну па асобных напрамках. Мы гэта павінны спыніць", - заявіў беларускі лідар.

Карыстаючыся выпадкам, ён яшчэ раз звярнуўся да бацькоў школьнікаў і студэнтаў: "Забярыце сваіх дзяцей з вуліцы, каб потым не было балюча. А з астатнімі мы будзем разбірацца па ўсёй строгасці закону".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі