
31 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ставіць задачу зрабіць максімальна практыка-арыентаваным і набліжаным да існуючых жыццёвых рэалій падрыхтоўку спецыялістаў у ВНУ, і перш за ўсё ў Акадэміі кіравання. Аб гэтым ён заявіў у час размовы з вучонымі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Рэагуючы на выступленне дырэктара Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Леаніда Мальцава, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на яго багаты кіраўніцкі вопыт на чале розных сілавых структур, уключаючы пасады міністра абароны і дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі. Спецыялісты высокага ўзроўню, якія маюць вопыт работы на дзяржслужбе, ёсць і ў іншых ВНУ. Увесь гэты шмат у чым унікальны вопыт цяпер трэба перадаць выкладчыкам, а таксама студэнтам і слухачам Акадэміі кіравання.
"Акадэмія павінна стаць вядучай. Не таму, што яна пры Прэзідэнце. А таму, што хутка гэтыя "акадэмікі" будуць кіраваць краінай. Гэта вярхушка, там жа і перападрыхтоўку праходзяць некаторыя", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што некаторыя не толькі маладыя, але і старэйшыя выкладчыкі, якія ўжо доўга працуюць у навучальнай установе, "некалькі адарваліся ад жыцця". "Дык вось ваша задача спусціць іх на гэту грэшную зямлю. Як вы сказалі, зрабіць практыка-арыентаваным наша навучанне і нашу навуку. На такіх, як вы, спецыялістаў я разлічваю, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я вас пераканаўча прашу, каб вакол вас фарміравалася гэта здаровае ядро, якое на зямлю будзе спускаць усіх тых, хто, як вы правільна сказалі, прывык хапаць чужы вопыт і пераносіць у Беларусь".
"Гэта не наш шлях. Мы ішлі ад зямлі, мы рабілі тое, што трэба было людзям. Пакрыху паднімаліся наверх і стварылі тое, што народу падабаецца. Апошнія выбары гэта прадэманстравалі. Можа, камусьці не падабаецца. Але народу гэта падабаецца. Мы гэта для людзей робім. І мы гэта павінны захаваць. Роля вучоных павінна быць неймаверна высокая, вучоных усіх напрамкаў: ад гісторыкаў, палітолагаў да вучоных, якія займаюцца сельскай гаспадаркай", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт удакладніў, што для фундаментальнай навукі таксама адводзіцца важная роля і ёй прадоўжаць удзяляць увагу, але толькі ў тых напрамках, "якія будуць замыкацца на наша жыццё, на нашу практыку".
Для Беларусі цяпер няма неабходнасці ўкладваць значныя фінансавыя сродкі ў фундаментальныя навуковыя даследаванні па шырокім спектры напрамкаў, як гэта рабілі ў свой час, напрыклад, у Савецкім Саюзе. "Трэба, не трэба - развівалі. Спатрэбіцца. Сапраўды, веды за плячамі насіць не будзеш, яны заўсёды спатрэбяцца. Але ў нас няма столькі сродкаў, і неабходнасці сёння такой няма". Для таго, каб рухацца наперад і развівацца, трэба займацца тымі сферамі, дзе ў Беларусі ўжо назапашаны добры вопыт і кампетэнцыі, упэўнены Прэзідэнт.
Менавіта так адбываецца, напрыклад, з машынабудаваннем. У Беларусі даўно склалася моцная навуковая школа ў гэтым напрамку дзейнасці, ёсць прамысловыя прадпрыемствы з багатым вопытам укаранення распрацовак і вытворчасці. Цяпер аказалася запатрабаванай вытворчасць электратранспарту. Вось на гэтым, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, і неабходна засяродзіць намаганні і вучоных, і практыкаў. "Тое, што патрабуе наша жыццё, нашы людзі, - на гэтым павінна быць сканцэнтравана ўвага", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы арыентаваў усіх на актыўную, інтэнсіўную работу. "Мы ўсё ўмеем рабіць, нас губіць лянота, мы лянівыя", - заўважыў ён. Асобную ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на важнасць імпартазамяшчэння: "Давайце мы зробім самі. На жаль, мне даводзіцца нашых спецыялістаў вельмі сур'ёзна ў гэтым плане падштурхоўваць. Часам, як вы кажаце, дыктатарскімі метадамі. А куды дзявацца. Трэба выжыць, трэба выстаяць", - сказаў Прэзідэнт.-0-