Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
22 ліпеня 2022, 12:27

Лукашэнка ставіць айчынным вытворцам задачу забяспечыць моцныя пазіцыі на ўнутраным рынку

22 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ставіць айчынным вытворцам задачу забяспечыць моцныя пазіцыі на ўнутраным рынку. Аб гэтым ішла размова ў ходзе наведвання кіраўніком дзяржавы гандлёвага цэнтра "Сталіца", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як далажылі кіраўніку дзяржавы ў ходзе наведвання магазіна аднаго з вядомых беларускіх кандытарскіх брэндаў, цяпер на рынку вызваліліся нішы за кошт адыходу шэрага замежных пастаўшчыкоў. Кіраўнік дзяржавы ставіць задачу ў гэтых умовах умацаваць пазіцыі не толькі ў бягучым моманце, але і на перспектыву.

"Рынак наш унутраны. На знешнім нас таксама ведаюць. Але нам шмат і не трэба. Што мы ўжо, гіганты нейкія... Трэба забяспечыць сваіх людзей работай і зарплатай", - падкрэсліў беларускі лідар.

На айчынныя кандытарскія вырабы вялікі попыт і за мяжой, у тым ліку ў Кітаі. Таму яшчэ адна задача - пры неабходнасці пашыраць вытворчасць, адкрываць новыя лініі. "На рынку вялікі попыт. Няхай ён стварае новыя прадпрыемствы і вырабляе тое, што купляюць на рынку", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У гэтым жа рэчышчы знаходзяцца і задачы рэгіянальнага развіцця. Другое кандытарскае прадпрыемства, з прадукцыяй якога таксама азнаёміўся кіраўнік дзяржавы, адкрыла невялікую вытворчасць у Слаўгарадзе на паўднёвым усходзе Магілёўскай вобласці. "Тое, што трэба", - адрэагаваў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што ў такіх невялікіх гарадах важна ствараць такія вытворчасці на 70-100 рабочых месцаў.

Наведаў Прэзідэнт і гандлёвыя кропкі айчынных брэндаў лёгкай прамысловасці. Яму расказалі аб асартыменце, навінках. Напрыклад, на працягу апошніх гадоў стабільна расце попыт на прадукцыю з лёну. Як і ў выпадку кандытарскай галіны, ішла размова аб пастаўках сыравіны, больш актыўнай рабоце на ўнутраным рынку.

"Трэба вырабляць тое, што купляецца на рынку. Ну і ад класікі, ад традыцыйнага не адыходзіць, - адзначыў беларускі лідар. - Ты павінна (звяртаючыся да старшыні канцэрна "Беллегпрам" Таццяны Лугіной. - Заўвага БЕЛТА) кантраляваць, каб мыш не прапаўзла на твой рынак. Цяпер момант заняць рынак і нікога сюды не пускаць".

У гандлёвым цэнтры для айчынных брэндаў стварылі прывабныя ўмовы і з пункту гледжання арэнды гандлёвых плошчаў. Аляксандр Лукашэнка даручыў унесці прапанову, каб у адпаведнасці з гэтым стандартам працавалі і ў іншых месцах.

Зайшоў Прэзідэнт і ў магазін мерчу "Першы". Яму расказалі, што прадукцыя актыўна купляецца не толькі ў стацыянарных гандлёвых кропках, але і ў рамках выязнога гандлю на розных святах і фестывалях. Часта бяруць мерч у якасці сувеніраў і падарункаў замежныя госці з самых розных краін. Дарэчы, на адной з нядаўніх навінак ёсць і аўтограф Аляксандра Лукашэнкі.

Ён таксама даў некаторыя практычныя рэкамендацыі ў частцы дызайну тавараў і акцэнтаваў увагу, што цэны павінны быць даступнымі.

Наведванне гандлёвага цэнтра гэтым не абмежавалася. Пабываў кіраўнік дзяржавы і ў мэблевым, магазіне мясной прадукцыі аднаго з агракамбінатаў, фарфору, аб'ектах грамадскага харчавання. Усюды ішла дзелавая размова аб умовах работы, перспектывах пашырэння асартыменту і сеткі гандлёвых кропак, магчымых цяжкасцях і шляхах іх пераадолення. Як заведзена, не абышлося і без дэгустацыі. Аляксандр Лукашэнка асабіста ацаніў смакавыя якасці прадуктаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі