Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ

Апошнія навіны
Усе навіны

Лукашэнка станоўча ацэньвае работу Ашчаднага банка ў Беларусі

Прэзідэнт 16.07.2019 | 12:58
У час сустрэчы
У час сустрэчы

16 ліпеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў станоўчую ацэнку рабоце Ашчадбанка ў Беларусі. Аб гэтым ён заявіў сёння на сустрэчы з прэзідэнтам, старшынёй праўлення ПАТ "Ашчадбанк" Германам Грэфам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Удзячны вам за тое, што прадаўжаеце працаваць у Беларусі пры ўсіх праблемах у Расіі, у Беларусі. Тым не менш вы моцна стаіце на нагах. Бачу, што фізічных асоб сталі больш крэдытаваць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пры ўдзеле Ашчадбанка прадаўжаецца і крэдытаванне эканомікі ў Беларусі. "Ідзе крэдытаванне эканомікі. Тэмпамі вышэйшымі за інфляцыю. Але паколькі ў банках ёсць ліквіднасць - і ў Расіі, і ў Казахстане, і ў Беларусі, то яны, безумоўна, гэту ліквіднасць накіроўваюць на крэдытаванне насельніцтва. Галоўнае, каб у разумных межах", - растлумачыў прысутны на сустрэчы старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Павел Калаур.

"Увогуле, тое, аб чым мы некалі дагаворваліся, калі вы прыйшлі ў Беларусь, вы гэта цвёрда трымаеце. Я вельмі цаню вось гэту вашу якасць: калі ўжо сказаў, значыць, зрабіў. Цяпер мала, на жаль, такіх людзей, якія трымаюцца свайго слова. Вы адзін з такіх. Таму мне вельмі прыемна з вамі заўсёды сустракацца. Ведаю, што гэта будзе заўсёды на карысць", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў правядзенне ў Мінску XIII летняй міжнароднай Ашчадбанкіяды, падкрэсліўшы, што заўсёды падтрымлівае такія масавыя спартыўныя мерапрыемствы. Больш таго, паспяховаму правядзенню гэтага мерапрыемства садзейнічае і інфраструктура ў Мінску, якая выкарыстоўвалася пры арганізацыі II Еўрапейскіх гульняў. "Якраз нам і рыхтавацца не трэба было - аб'екты і гэтак далей - усё было ў парадку, - заўважыў беларускі лідар. - Я наогул заўсёды падтрымліваю такія мерапрыемствы. Таму што гэта не проста спартсмены за грошы выступаюць, а гэта людзі, якія сёння працуюць на вялікім прадпрыемстве Ашчадбанка. І вы арганізавалі ім такое свята, дзе яны могуць і сябе паказаць, і здароўе бясплатна атрымаць, і азнаёміцца бліжэй з Мінскам".

Прэзідэнт звярнуў увагу і на выгады ад беларускага боку ад правядзення Ашчадбанкіяды ў плане прыцягнення турыстычнага патоку. "Гэта людзі (удзельнікі Ашчадбанкіяды. - Заўвага БЕЛТА), якія актыўныя, раскажуць пра Беларусь шмат. Пасля прыедуць іх блізкія, родныя, сябры. Гэта вельмі выгаднае для Беларусі мерапрыемства. Таму я вам за гэта ўдзячны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што Беларусь гатова прымаць не толькі такія спартыўныя форумы, якія праводзіць Ашчадбанк, але і іншыя мерапрыемствы. "Ведайце, што ў Беларусі ў вас ёсць надзейная апора", - запэўніў Прэзідэнт.

У сваю чаргу Герман Грэф падзякаваў за прыём і адзначыў вялікую падтрымку беларускага боку ў правядзенні Ашчадбанкіяды. "Усё працуе як гадзіннік. Цудоўная інфраструктура. Больш за 3 тыс. чалавек прыехалі і адчуваюць сябе тут вельмі камфортна", - дадаў ён.

XIII летняя міжнародная Ашчадбанкіяда 2019 года ПАТ "Ашчадбанк Расіі" праводзіцца ў Мінску з 15 па 21 ліпеня. У праграму Ашчадбанкіяды ўключаны спаборніцтвы па 12 відах спорту.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Прэзідэнт
Топ-навіны
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск
Салігорск

Інфаграфіка

Беларусь - Расія: гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва Расія - асноўны гандлёвы партнёр Беларусі. Аб'ём знешняга гандлю таварамі з Расіяй у 2018 годзе ў параўнанні з 1996-м павялічыўся амаль у 5,5 раза.