
10 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сутнасць палітыкі ў Беларусі - гэта справядлівасць. І ў гэтых адносінах не можа быць ніякага адступлення, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 лютага на нарадзе па пытаннях цэнаўтварэння, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Я вас папярэджваю: адступлення ад гэтага быць не можа. У гэтым сутнасць нашай палітыкі - справядлівасць".
Прэзідэнт заўважыў, што ў цяперашняй няпростай сітуацыі ў свеце і вакол Беларусі можна было б паспрабаваць спісаць некаторыя недахопы на санкцыі, знешні націск і іншае. "Сапраўды, гэта адна з прычын таго, што ўнутры краіны ў нас адбываецца. Але гэта не прычына, каб усё зваліць у адну кучу і сказаць: мы да гэтага не маем дачынення. Аказваецца, маем. І практыка за чатыры месяцы паказала, што маем. Калі ўзялі пад кантроль - у сярэднім цэны апусціліся амаль на 3 працэнты", - сказаў беларускі лідар.
Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што справядлівы падыход павінен быць у аснове і цэнаўтварэння, і аплаты працы работнікаў.-Э-